«Таму што ў Беларусі прыкаліст павінен быць адзін». Слава Камісаранка з’ехаў ва Украіну. Яго папярэдзілі, што КДБ можа яго выкрасці
«Мяне аб’явіла ў вышук беларускае КДБ», — заявіў Слава Камісаранка на канцэрце ў Кіеве. Відэа з яго ён выклаў сёння на сваім канале.
14.01.2022 / 14:10
Фота: Slavakomissarenko / Instagram
«Вы думаеце, напэўна, за што? За жарты. Уяўляеце? Так, у звычайных краінах спецслужбы ловяць тэрарыстаў, а ў Беларусі — прыкалістаў. Таму што ў Беларусі прыкаліст павінен быць адзін», — пажартаваў ён.
Слава Камісаранка сказаў, што цяпер ён у бяспецы, з'ехаў ва Украіну.
Ён распавеў, як даведаўся пра небяспеку. Яму напісаў чалавек, «звязаны з пратэстамі».
«На жаль, ёсць інфармацыя з вартых даверу крыніц, што вас збіраюцца выкрасці ў Маскве і вывезці на машыне ў Беларусь. Праявіце асцярожнасць».
«І я такі: праявіце асцярожнасць? Быццам мне не ад КДБ трэба бегчы, а несці гарачую гарбату. Я не ведаю, як трэба праявіць асцярожнасць, каб цябе КДБ не ўзяў. Каб яны стаялі такія: «Я не разумею, гэта Камісаранка ці куст рэчы ў багажнік грузіць?»».
«Я напісаў гэтаму чалавку, — працягвае Камісаранка. — Няўжо іх не спыніць тое, што ў мяне ўжо ёсць расійскі пашпарт?»
«Я думаю, яны гэтага не ведаюць, — адказаў той. — Хутчэй за ўсё, яны паглядзелі ваша інтэрвʼю Дудзю і зразумелі, што ў вас няма расійскага пашпарта».
«Як я выдатна на інтэрвʼю схадзіў», — кажа Камісаранка. У інтэрв’ю Юрыю Дудзю ён распавёў, што ён купіў кватэру на Арбаце і што хоча атрымаць расійскі пашпарт.
«Ён жа [Дудзь] там гадзіну кажа, то-бок расійскага пашпарта ў цябе няма, то-бок атрымаеш ты яго няхутка, то-бок аптымальна хапаць цябе прама цяпер?» — жартуе Камісаранка.
«І беларускае КДБ такое: так, паехалі. Тут 850 км, мы да вечара яго ўжо прывязём».
На пытанні знаёмых, ці верыць Камісаранка у сцэнарый выкрадання, ён адказваў: «Яны самалёт пасадзілі, а мяне ў багажнік не змогуць пакласці?»
«Вы памятаеце, над Беларуссю пасадзілі самалёт, над Беларуссю цяпер ніхто не лётае, таму што ў нас прэзідэнт авіяпірат. Белавія цяпер першая ў свеце пешаходная авіякампанія. Выжывае чыста з-за аўтобусаў да самалётаў», — кпіць Камісаранка.
Выказаўся Слава і пра пасадку самалёта RyanAir — як тэрарысты прыслалі паведамленне аб захопе самалёта на электронную пошту.
«Ну чыста ў стылі тэрарыстаў, на пошту пісаць. Там яшчэ тэма ліста, напэўна, была «Непрыемнасць на борце». Я ў гэта паверыць не мог. Сурʼёзна? Гэта ваша найлепшая версія? Калі гэта ваша найлепшая версія, я б хацеў паслухаць тыя, якія вы не ўзялі.
Першая версія. Пілот захацеў «папісяць», а прыбіральні былі занятыя?
Другая версія. Самалёт сеў таму, што стаміўся? І трэцяя: таму што тэрарысты напісалі на пошту. Шкада, што нельга ўзяць усе тры».
Камісаранка адзначыў у выступе, што не зразумеў, чаму менавіта цяпер на яго раззлаваліся беларускія сілавікі:
«Магчыма, іх раззлавала гутарка ў Дудзя, магчыма, мой сольны канцэрт, я гэтага не ведаю. Але вось вам цікавы факт.
Калі ў мяне выйшаў канцэрт, ён патрапіў на першае месца ў трэндах Youtube, а ў гэты час у Лукашэнкі выйшла інтэрвʼю для ВВС. І яно было на 8-м месцы ў трэндах. На пачатку года ў мяне выйшаў маналог пра Чык-чырыка, а ў Лукашэнкі — навагодняе віншаванне. І маналог быў на першым месцы, а віншаванне — на 7-м. І штосьці мне падказвае, народ, што Лукашэнка ненавідзіць мяне як ютубер ютубера».
Комік распавёў, што знаёмы яму параіў наняць прыватнае ахоўнае прадпрыемства, каб, калі нападуць кадэбэшнікі, ахоўнікі яго адбілі.
«Я б ніколі не адважыўся, але многае б аддаў, каб на гэта паглядзець. Самае галоўнае — не пачаць думаць: найму дзесяць «чопаў» і пайду ў атаку сам », — смяецца Камісаранка.
Ён пажартаваў, што на самай справе, перахапіў перамовы Майка і Ніка.
«Да вечара даставім яго ў Мінск, але гэта будзе няпроста, таму што Камісаранка аказаўся моцным арэшкам. Так, які ён прыгожы і сэксуальны. І здаецца, цяпер ні з кім не сустракаецца», — зачытвае комік выдуманы дыялог.
Пакуль Камісарэнка спыніўся ў Кіеве.
«Да беларусаў усюды ставяцца добра. Іх не любяць толькі ў Беларусі», — кажа ён.
У сябе ў Instagram Камісаранка дадаў, што «зʼехаў, як аказалася, не дарма, кдбшнікі мабыць стаміліся хадзіць у пошуках мяне па Арбаце, і вырашылі мне патэлефанаваць. Тэлефанавалі, пісалі смскі, праўда, зайсці да мяне ў Instagram, каб убачыць дзесяць афіш з Кіева і зразумець, што я не ў Маскве, не здагадаліся. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб напісаць пра гэтыя падзеі жарты, так бы распавёў усё крыху раней. Веру, што ўсё будзе добра, як заўсёды верыў да гэтага!».