Калоны тэхнікі ў Слуцку і Калодзішчах: рыхтуюцца наступаць на Украіну? Аналізуем фота і відэа з вайскоўцамі
Беларускі інтэрнэт панікуе з нагоды з'яўлення фотаздымкаў з рэгіёнаў. «У Слуцку вайскоўцы перасоўваліся па цэнтральных вуліцах горада. Таксама тэхніку бачылі ў Гомелі, Навабеліцкім раёне, каля вёскі Зябраўка», — пішуць многія паблікі і тэлеграм-каналы. Вайсковую тэхніку таксама заўважылі і пад Мінскам. Што адбываецца?
17.01.2022 / 18:45
Гэтая інфармацыя з'яўляецца на фоне папярэджанняў Захаду аб магчымым канфлікце Расіі і Украіны, папярэдніх заяваў Лукашэнкі, што ў такім выпадку «Беларусь у баку не застанецца», а таксама анансаваных беларуска-расійскіх вучэнняў.
У каментарыях разважаюць пра тое, ці не пачала Расія перакідваць войскі і ў Беларусь, ці не пачалі і мы збіраць войскі ля мяжы з Украінай.
«Наша Ніва» паказала фота, што напалохалі карыстальнікаў, ваеннаму эксперту. Вось што ён кажа.
Тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДам»
«На тэхніцы чырвона-зялёныя сцягі, што ўказвае на прыналежнасць, — кажа эксперт. — Можна было б дапусціць, што для расіян не ўяўляе праблемы перамаляваць сімволіку, але расійскія ваенныя такой тэхнікі ўжо не выкарыстоўваюць, гэта беларусы.
Тэхніка інжынерная, шмат экскаватараў. Магчыма, што будуць будаваць нешта ў мірных мэтах. Бо ў нас ёсць такая практыка: маўляў, салдатам усё адно трэба вучыцца гэта рабіць, а калі ў некім раёне трэба нешта пабудаваць, вырыць — мэты як бы супадаюць, вось і сумяшчаюць.
Тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДам»
Іншая праекцыя: у нас на поўдні краіны мала што абсталявана, з улікам сённяшняй заявы пра вучэнні з рускімі, ясны кірунак вучэнняў. Імаверна, пачынаюць рыхтавацца і абсталёўваць.
Таксама дапускаю, што гэтая тэхніка для таго, каб падрыхтаваць камандны пункт Паўднёвага аператыўнага кіравання, якое створанае адносна нядаўна і толькі на паперы, у адрозненне ад двух іншых. Адбылося гэта пасля таго, як Украіна перастала быць адназначным сябрам. На фоне сітуацыі ў рэгіёне лунаюць думкі, каб размясціць на поўдні нешта рэальнае».
Але разам з гэтым паведамляецца пра зусім іншыя войскі, якія едуць эшалонамі з вагонамі «РЖД» — расійскай чыгункі. Адзін з такіх эшалонаў нібыта знялі ў Калодзішчах.
Фота: тэлеграм-канал «МотолькоПомоги»
«На гэтым відэа шмат КАМАЗаў — а гэта ўжо асноўная колавая база расійскага войска. У КУНГах (кузаў універсальны нармальнага габарыту) жа можа быць што заўгодна — ад рамонтнай майстэрні да выведвальнай апаратуры. І таксама засмучае вагон «РЖД», — кажа ваенны.
Звычайна, у залежнасці ад радоў войскаў, прыбыццё рускіх да вучэнняў пачыналася за два тыдні і ажно да актыўнай фазы.
Таму гэтыя эшалоны дзіўна глядзяцца на фоне сённяшняй заявы Лукашэнкі, што вучэнні будуць у лютым без канкрэтнай даты.
«Дакладную дату вызначайце, паведамляйце, каб нас не абвінавачвалі, што мы тут войскі сцягнулі», — сказаў ён. А калі рускія ўжо паехалі, значыць што вагоны былі пагружаны да таго, як ён сказаў пра вучэнні, і дата ўжо вызначаная ў межах пары тыдняў, — лічыць ваенны. — Традыцыйна ў нас вучэнні праводзяцца ў першай палове лютага, проста ў гэты раз будзе большы, чым звычайна, маштаб.
Гэта такі тыпавы план падрыхтоўкі ўзброеных сілаў, ён не мяняецца ад года ў год. У верасні таксама вучэнні. І ў заходнікаў, у прынцыпе, таксама — большая доля вучэнняў, якімі тут спрабуюць палохаць народ, праходзяць штогод у адзін і той жа час, з падводам войскаў».