Рэарганізацыя хуткай дапамогі і паняцце медычнай памылкі. Пяць прапаноў наконт будучай рэформы ў сістэме аховы здароўя
Беларуская медыцына цяпер знаходзіцца ў досыць складаным стане: з аднаго боку, на медыкаў лягла моцная нагрузка з-за каранавіруса, з другога боку — у галіне ідуць такія ж палітычныя звальненні, як і ў іншых сферах. Аб'яднанне беларускіх медыкаў і штаб Святланы Ціханоўскай прапаноўваюць варыянты вырашэння шматлікіх праблем беларускай медыцыны.
18.01.2022 / 12:52
Медыкі лічаць, што ў гэты момант мэтай аховы здароўя Беларусі з'яўляецца не выратаванне людзей, а выкананне плана, з-за чаго Міністэрства аховы здароўя прымушае фальсіфікаваць статыстыку ў інтарэсах прапаганды.
Асноўныя праблемы, на думку спецылістаў, гэта перапрацоўкі, адток кадраў і бюракратычныя перашкоды, якія ўплываюць на кошт імпартных лекаў і абцяжарваюць закупку якасных замежных камплектуючых і тэхнікі.
Асобную запакоенасць выклікае неабароненасць медыкаў. Гэта прыводзіць да ўтойвання даных пра ўскладненні і пагаршэнне фізічнага або эмацыйнага стану чалавека, ненаўмысна справакаванага медработнікам.
Абставінамі, якія перашкаджаюць развіццюсваёй галіны ў Беларусі медыкі лічаць коснае заканадаўства, бяздзейнасць прафсаюзаў, бюракратызацыю сістэмы, карумпаванасць у пытаннях ліцэнзавання і адсутнасць галоснасці ў працы Міністэрства аховы здароўя і галоўурачоў.
Былі выпрацаваныя пяць прапаноў, якія могуць быць выражаныя заканадаўчымі зменамі:
• прапісаць у законе паняцце аб медычнай памылцы і ўскладненні;
• стварыць незалежныя камісіі па разборы спрэчных выпадкаў;
• зняць бар'ер для імпарту, то-бок адмяніць рэгістрацыю і перарэгістрацыю лекаў і медыцынскіх прылад пры наяўнасці сертыфікатаў ЕС і допуску на рынак Еўропы;
• дадаць працу па спецыяльнасці ў эміграцыі ў працоўны стаж;
• правесці рэарганізацыю працы хуткай дапамогі.
Асобна абмяркоўвалі праблемы судова-медыцынскай экспертызы. Наколькі гэта важна, беларусы зразумелі падчас падзеяў 2020 года. Пацярпелым было вельмі цяжка атрымаць доказы нанясення шкоды здароўю з боку сілавікоў.
На сустрэчы прапанавалі выдзеліць судова-медыцынскую экспертызу ў асобную структуру, якая не падпарадкоўваецца ні Міністэрству аховы здароўя, ні праваахоўным органам, са стварэннем цалкам аўтаномнай арганізацыі.
Гэта дазволіць ёй быць незалежнай як ад сілавікоў, так і ад Міністэрства аховы здароўя, якія рэгулярна ціснуць для атрымання патрэбнага выніку.