«Дом пад сталом», «Тыгранём адзеўся кот»… Новыя дзіцячыя вершы з турмы ад Андрэя Скурко
Андрэй Скурко — палітвязень, выбітны аўтар і рэдактар. Па абсалютна надуманым абвінавачванні ён і галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч знаходзяцца за кратамі. У сваіх лістах Андрэй не толькі разважае пра літаратуру, гісторыю ды філасофію, але і дасылае ўласныя вершы для свайго малога сына і ўсіх дзяцей свету.
19.01.2022 / 00:20
Дом пад сталом
У гасцёўні пад сталом
Мы сабе зрабілі дом.
З намі заяц даўгавухі,
Чабурашка з Вінні-Пухам,
Бегемот і слон таксама…
Лезь да нас у госці, мама!
Махаон
Сёння нам на тэлефон
сеў прыгожы махаон.
Лапкай стукнуў па экране —
І адправіў сэлфі маме.
Тыгранём адзеўся кот
Тыгранём адзеўся кот
І прыйшоў на Новы год!
Кіціся мы частавалі:
Малачко яму збівалі.
Кот нам песенькі спяваў,
Падпявай, [тут імя дзіцяці]: «Мяў!»