У Ізраілі стварылі цалкам расліннае філе ласося

Ізраільская кампанія-стартап Plantish з Рэховата выпусціла аналаг філе ласося на расліннай аснове. Прадукт падобны на структураванае філе рыбы без костак.

20.01.2022 / 09:21

У яго складзе перапрацаваныя з дапамогай сакрэтнай тэхналогіі бялкі бабовых і экстракты водарасцяў.

Прадукт багаты на бялок, вітаміны групы В, Амега-3 і Амега-6 і не ўтрымлівае антыбіётыкаў, гармонаў, мікрапластыку, ртуці і таксінаў.

Гендырэктар кампаніі Афек Рон заявіў, што ў наступныя гады стартап плануе стаць вядучым сусветным вытворцам раслінных аналагаў морапрадуктаў. Да канца года кампанія пачне эксперыментальныя продажы навінкі ў некалькіх рэгіёнах Ізраіля.

А да 2024 года эрзац-ласось можа з'явіцца на сусветным рынку.

Nashaniva.com