Лебядок: Галоўная асаблівасць вучэнняў — у сур’ёзным нарошчванні расійскіх сіл СПА
Расія ўсё больш засвойвае Беларусь як аператыўную прастору сваіх узброеных сілаў для рэалізацыі палітычных і ваенных мэтаў, лічыць аналітык Ягор Лебядок. Па яго меркаванні, перадумоў для зніжэння прысутнасці пакуль не відаць, а вось узмацненне — магчыма.
20.01.2022 / 13:09
«Пачалося гэта не сёння, — заўважае ў сваім тэлеграм-канале эксперт. — Яшчэ на вучэннях «Славянскае братэрства 2020» адбыліся першыя палёты стратэгічнай авіяцыі Расіі. У мінулым годзе палёты сталі часцейшымі і па-за вучэннямі. Таксама у 2021-м былі размешчаныя Су-30, комплексы С-400, праводзіліся іншыя мерапрыемствы».
Аналітык звяртае ўвагу на тое, што не агучаная агульная колькасць удзельнікаў вучэнняў. Была толькі заява, што яна не перавысіць абмежаванні, прадугледжаныя «Венскім дакументам» 2011 года. То-бок 13 тысяч чалавек.
Але не ўсё так відавочна. Памочнік беларускага міністра абароны Алег Воінаў заявіў, што адначасова будзе праходзіць шэраг тактычных вучэнняў, «па замерах, не звязаныя з вучэннямі «Саюзная рашучасць»».
«Ці з’яўляецца гэта драбненнем працэсу для дэманстратыўнага зніжэння колькасці ваеных, пакуль сказаць цяжка», — піша Ягор Лебядок.
На думку эксперта, кантынгент расійскіх войскаў, які будзе задзейнічаны ў вучэннях, можа скласці 1500−2500 чалавек.
«Цікава, што ў некаторых Telegram-каналах з’явілася папярэджанне, нібыта здымка перамяшчэння эшалонаў трапляе пад крымінальны пераслед, — робіць акцэнт аналітык. — Верагодна, гэта частка скаардыянаваных дзеянняў па асвятленні вучэнняў».
Па-першае, гэта робіцца для запужвання беларусаў у рамках лініі з 2020 года — не распаўсюджваць інфармацыю, акрамя санкцыянаванай начальствам. Па-другое, каб стварыць дадатковае напружанне звонку, у першую чаргу — ва Украіне.
«Галоўная асаблівасць вучэнняў — у сур’ёзным нарошчванні расійскіх сіл СПА, — працягвае эксперт. — У Беларусь прыбудуць два дывізіёны С-400 і расійскія знішчальнікі Су-35. Ключавое пытанне, ці застануцца С-400 на мяжы з Украінай».
Усё гэта выглядае працягам палітыкі Уладзіміра Пуціна «па дэманстрацыі сур’ёзнасці намераў у перамовах з НАТА аб гарантыях нераспаўсюджвання ўплыву альянса», мяркуе Ягор Лебядок.
«Такое развіццё падзей вырашае тры задачы: аказвае ціск на Украіну; уздымае стаўкі ў перамовах з НАТА; аддзяляе Беларусь ад сувязяў з Украінай і абмяжоўвае Лукашэнку ў знешняй палітыцы», — лічыць аналітык.
У выпадку, калі Беларусь дасць магчымасць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на іншую дзяржаву, па міжнародным праве гэта будзе азначаць агрэсію супраць Украіны. Як здаралася ў гісторыі, такое ліквідуецца «вымушаным адказам, самаабаронай», нагадвае эксперт.
«У сваю чаргу Украіна можа адказаць ракетнымі ўдарамі, ужываннем авіяцыі і беспілотнікаў, а таксама накіраваць у Беларусь дыверсійныя групы, — папярэджвае ваенны аналітык. — На вучэннях акурат адпрацоўваюцца нарошчванне СПА для перадухілення ракетных і авіяцыйных атак і «пошук, блакаванне і знішчэнне незаконых узброеных фармаванняў і дыверсійна-разведвальніцкіх груп праціўніка»».
Падчас вучэнняў будуць адпрацоўвацца меры па перадухіленні магчымага ўдару ці контрудару украінскіх сіл, робіць выснову Ягор Лебядок.