«Стан ваеннай эскалацыі становіцца нормай для рэжыму». Ціханоўская — пра магчымы ўдзел Беларусі ў ваенным канфлікце
Святлана Ціханоўская пракаментавала магчымы ўдзел афіцыйнага Мінска ў расійска-ўкраінскім канфлікце.
20.01.2022 / 15:30
«Дэмакратычныя сілы катэгарычна супраць удзелу Беларусі ў ваенным канфлікце на чыім-кольвек баку. Гэта супярэчыць імкненню да нейтралітэту, закладзенаму ў сённяшняй Канстытуцыі, якая яшчэ не адмененая.
Мы з трывогай адзначаем, што стан ваеннай эскалацыі становіцца нормай для рэжыму.
Лукашэнка не здольны вырашаць эканамічныя праблемы, таму шукае ворагаў і адкладвае рэформы. Гэта пагаршае і без таго няпростае становішча грамадзян Беларусі. Мы заклікаем пачаць вырашаць унутраныя праблемы краіны, а не ўмешвацца ў чужыя канфлікты», — зазначае Святлана Ціханоўская.
«Мы выступаем катэгарычна супраць уцягвання Беларусі ў гібрыдны канфлікт, які развязваецца цяпер супраць Украіны.
Рэжым запрашае расійскія войскі на тэрыторыю Беларусі ў перыяд палітычнага абвастрэння, што ўжо з'яўляецца несяброўскім крокам у дачыненні да Украіны. Вобраз Беларусі, як мірнай і сяброўскай краіны, разбураны канчаткова.
Рэгулярнае з'яўленне на тэрыторыі Беларусі замежных войскаў нясе пагрозу незалежнасці краіны і павышае напружанасць у рэгіёне. Гэта не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі», — падкрэслівае дэмакратычны лідар.
«Межы і тэрытарыяльная цэласнасць дзяржаў павінны быць недатыкальныя. Мы асуджаем любыя спробы замахаў на чужую тэрыторыю. Мы заклікаем вырашаць усе канфлікты шляхам дыялогу без пагроз прымянення сілы або дэманстрацыі ваенных падрыхтовак», — рэзюмавала Святлана Ціханоўская
«І я нагадаю, што Аляксандр Лукашэнка, што пацярпеў паражэнне на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, не мае права займаць пасаду прэзідэнта, прадстаўляць дзяржаву ва ўнутранай і знешняй палітыцы, у тым ліку аб'яўляць і праводзіць ваенныя вучэнні», — дадала яна.