Затрыманы за палітыку Севярын Квяткоўскі нечакана выйшаў на свабоду
Ëн размясціў у фэйсбуку допіс з Пінска, дзе яго адпусцілі.
22.01.2022 / 16:54
Севярын Квяткоўскі на свабодзе, але пад крымінальнай справай. Пра гэта ён паведаміў у сябе ў фэйсбуку - няголены, але шчасны.
«Sieviaryn Kviatkouski
8 хв ·
Сябры я ў цэнтры Пінску п'ю каву )
Гэта было кіно, цырк, і армейскі анекдот.
Зрэшты, смешна да пэўнай мяжы, бо я займеў на сабе крымінальную справу.
Аддыхаюся, і пачну распавядаць».
Удзень 19 студзеня Квяткоўскага затрымалі каля дома пасля таго, як ён вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы.
Ён паўгода не быў у Беларусі і вось вярнуўся. Узялі яго каля дома.
Пасля з'явілася інфармацыя, што Севярына павезлі ў Пінск. Лукашэнкаўскі тэлеграм-канал апублікаваў кароткае відэа з ім у зняволенні.
Севярын Квяткоўскі — вядомая асоба ў беларускай журналістыцы, інтэлектуалістыцы і прыгожым пісьменстве.
Ён працаваў журналістам на «Радыё 101,2» (1995—1996), у газетах «Имя» (1995—1996) і Наша Ніва (1996—1999), у беларускай рэдакцыі «Польскага радыё» (1997—1998), на «Радыё Рацыя» (1999—2002) і Радыё «Свабода» (2002—2008). Быў рэдактарам грамадскага блога «Будзьма беларусамі!» (2008—2012). З 2012-га быў публіцыстам Радыё «Свабода».
Як пісьменнік Квяткоўскі дэбютаваў у 1993 годзе ў «Нашай Ніве» імпрэсіямі «На гэтай паперы…», «Момант Мяне», «Парагвай».