«Праблемы пачаліся з трох гадзін ночы». Што яшчэ вядома пра збой у працы чыгункі?
Сёння на серверах Беларускай чыгункі адбыўся збой. Так, напрыклад, немагчыма набыць квіткі анлайн. Але праблема не толькі з браніраваннем у інтэрнэце.
24.01.2022 / 18:38
У стачкаме чыгункі «Нашай Ніве» кажуць, што праблемы пачаліся з трох гадзін ночы.
Не працуе не толькі анлайн-сервіс пакупкі квіткоў, але і многія ўнутраныя сістэмы. Па іх інфармацыі, мінскі вузел кіруецца цяпер у ручным рэжыме.
Пасажыры паведамляюць таксама, што не могуць удакладніць расклад.
«Не працуе мабільны дадатак і табло на некаторых станцыях», — заўважыў адзін з пасажыраў.
Мы тэлефанавалі ў прэс-службу чыгункі, каб удакладніць сітуацыю і прычыны збою, але ніхто не зняў трубку.
Раней аб'яднанне хакераў узяло на сябе адказнасць за збой у працы Белчыгункі. Яны сцвярджаюць, што зашыфравалі асноўную частку сервераў, баз даных Беларускай чыгункі «з мэтай запаволіць і парушыць працу дарогі».
Яны дадаюць, што аўтаматыка і сістэмы бяспекі не былі закранутыя, каб не ствараць на чыгунцы аварыйных сітуацый. Каб вярнуць працу ў штатны рэжым, аб'яднанне выставіла ўмовы: вызваленне 50 палітвязняў, якім патрэбная экстраная меддапамога, і спыненне прасоўвання расійскіх вайскоўцаў па тэрыторыі Беларусі.