Вайскоўцы Буркіна-Фасо заявілі пра паспяховы дзяржаўны пераварот

Армія абвясціла па тэлебачанні аб звяржэнні прэзідэнта Рока Марка Крысціяна Кабарэ, роспуску ўрада і парламента і закрыцці межаў. Раней кіраўніка дзяржавы затрымалі, паведамляе Reuters.

24.01.2022 / 23:09

Мужчына трымае нацыянальны сцяг на знак падтрымкі вайскоўцаў (Фото: Vincent Bado / Reuters)

Вайскоўцы Буркіна-Фасо распусцілі ўрад і Нацыянальную асамблею — парламент, а таксама закрылі мяжы, паведамляе Reuters са спасылкай на заяву арміі. 

У заяве мяцежнага падпалкоўніка Поль-Анры Сандааго Дамібы, зачытанай вайскоўцамі, гаворыцца, што пераварот здзейснены «без гвалту, затрыманыя знаходзяцца ў бяспецы». Заява была зроблена ад імя арганізацыі «Патрыятычны рух за абарону і аднаўленне» (Patriotic Movement for Safeguard and Restoration; MPSR), у якую ўваходзяць усе вайсковыя падраздзяленні.

Вайскоўцы абвясцілі, што прэзідэнт не здольны аб'яднаць нацыю для супрацьстаяння выклікам, якія стаяць перад ёй. Рок Марк Крысціян Кабарэ кіраваў гэтай заходнеафрыканскай краінай з канца 2015 года.

Хваляванні ў гэтай краіне адбываліся на фоне рэгулярных няўдач уладаў у барацьбе з узброенымі джыхадыстамі. У краіне рэгулярна ўчыняюцца масавыя забойствы. За апошнія шэсць гадоў у выніку нападзенняў ісламістаў загінулі тысячы жыхароў краіны, не менш чым мільёну прыйшлося пакінуць свае дамы. Праваабарончыя групы паведамляюць аб масавым гвалце і з боку вайскоўцаў.

Буркіна-Фасо — краіна на захадзе Афрыкі, былая французская калонія пад назвай Верхняя Вольта. Вядомы паблажлівы выраз «Верхняя Вольта з ракетамі» — гэта ад яе, бо да 1984 года так звалася і незалежная дзяржава. А Буркіна-Фасо — гэта камбінацыя слоў адразу з дзвюх мясцовых моваў, у перакладзе азначае «радзіма сумленных людзей».

Мусульмане складаюць тут большасць насельніцтва, каля 60%, але ёсць шмат людзей і іншых веравызнанняў. Да 2014 года Буркіна-Фасо кіраваў Блэз Кампаарэ, адзін з найбольш засядзелых прэзідэнтаў пры ўладзе (з 1987 года). Але 8 гадоў таму яго ад улады адхілілі, таксама падчас вайсковага перавароту.

У Буркіна-Фасо вайсковы мяцеж

Nashaniva.com