Сябар прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева на волі. Ці вызвалілі яго самога?
Як стала вядома «Нашай Ніве», выйшаў на волю адвакат Аляксей, якога 10 снежня затрымлівалі ў адным памяшканні з прэс-сакратаром А1 Мікалаем Брэдзелевым. Праз некалькі дзён пасля затрымання родныя Мікалая расказалі «Нашай Ніве» пра тое, што яму далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Далей пра яго з'яўлялася супярэчлівая інфармацыя.
25.01.2022 / 15:14
Праваабарончы цэнтр «Вясна» 30 снежня прызнаў Мікалая Брэдзелева палітвязнем і ў сваёй заяве адзначаў, што прэс-сакратар А1 знаходзіўся ў ізалятары. Хоць на той момант 15 сутак ягонага арышту павінны былі скончыцца (інфармацыі пра новыя прысуды і суткі не было).
Фота: А1
19 студзеня, калі з'явілася інфармацыя пра магчымыя вобшукі ў офісе А1, партал dev.by паведамляў, што Мікалай Брэдзелеў знаходзіцца ў СІЗА-1 у Мінску. Але ў якім статусе і па якім артыкуле, таксама не было вядома.
Адразу пасля затрымання смеццевыя тэлеграм-каналы кінуліся абмяркоўваць інтымнае жыццё Мікалая, а з вуснаў чыноўнікаў паліліся агульныя абвінавачванні кампаніі А1 у нібыта злівах нейкіх даных.
Як стала вядома «Нашай Ніве», на волі ўжо знаходзіцца адвакат Аляксей, гэтую інфармацыю нам пацвердзілі яго сваякі. Па нашай інфармацыі, менавіта адвакат і быў мэтай сілавікоў у той дзень. Мікалая Брэдзелева затрымалі «за кампанію».
Пры гэтым лагічную выснову, што на волі і Брэдзелеў, пацвердзіць не ўдаецца — сваякі прэс-сакратара А1 адмаўляюцца хоць неяк адказваць на гэтае пытанне, не пацвярджаючы і не абвяргаючы інфармацыю, што яго вызвалілі.