«З'ядаюць суверэнітэт». Здабылі і прааналізавалі неапублічаныя дакументы аб інтэграцыі, якія падпісалі Лукашэнка і Пуцін
Нядаўна Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дэкрэт саюзнай дзяржавы. Лукашэнка падпісаў яго 4 лістапада падчас пасяджэння вышэйшай дзяржрады па відэасувязі. «Калі вы не супраць, я падпішу дэкрэт. Але адказваць будзем усе, не толькі я», — чамусьці сказаў тады Лукашэнка. Але што ён падпісаў? Як гэта адбіваецца на будучыні краіны? Якія рызыкі гэта нам нясе? Усё гэта было незразумела — поўны тэкст дэкрэта нідзе не публікаваўся. «Наша Ніва» здабыла гэты дакумент і прааналізавала.
28.01.2022 / 12:13
Дакумент, які падпісалі Лукашэнка і Пуцін 4 лістапада 2021 года
Дакумент складаецца з 124 старонак, мы не будзем прыводзіць іх усе.
Там шмат агульных момантаў: «гарманізацыя правілаў дарожнага руху», «вызначэнне парадку маркіроўкі тавараў» і інш. Але прапісаныя і моманты, якія ставяць крыж на суверэнітэце і незалежнасці Беларусі ў абмен на танныя газ і нафту: ідзе гаворка аб увядзенні наднацыянальных органаў, гарманізацыі падатковага і мытнага заканадаўства.
Мы аддалі гэты дакумент на аналіз эканамісту BEROC Змітру Круку.
Публікуем фрагменты падпісанага дакумента разам з каментарамі эканаміста. Самыя небяспечныя моманты ён вызначаў колерам.
«Агулам інтэграцыйны план складаецца з некалькіх частак: з непасрэдна дэкрэта, якім зацвярджаюцца асноўныя кірункі рэалізацыі палажэнняў саюзнай дамовы на 2021-2023, і з саюзных праграм, у якіх дэталізуюцца крокі і захады нарматыўна-правовага і арганізацыйна-тэхнічнага характару, — кажа Зміцер Крук. —
Дагэтуль грамадскасці прэзентавалі сціслае рэзюмэ. На яго базе склалася пераважна спакойнае стаўленне да плана: маўляў, бакі дамовіліся працягваць дамаўляцца, а таму наўрад ці гэта нясе істотную пагрозу суверэнітэту краіны.
Падпісанне плана налажылася на безліч унутраных і замежнапалітычных пытанняў, што пераключылі ўвагу беларусаў. Але, калі я пабачыў план у поўным выглядзе, ён пакінуў іншае ўражанне. І называць яго бяскрыўдным не выпадае».
«Усе прыведзеныя саюзныя праграмы я падзяліў бы на дзве групы, — працягвае эканаміст. — Першая — 25 праграм з 28, дзе дамінуе рыторыка гарманізацыі заканадаўства, сумесных пілотных праектаў, а таксама плануюцца асобныя арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы.
Другая — праграмы па гарманізацыі падатковага і мытнага заканадаўства, фарміраванні аб’яднанага рынку газу, аб’яднаных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў.
Першая група праграм закранае шырачэзнае кола сфер і галін эканомікі:
- фінансавы сектар і фінансавая інфраструктура (закрануты амаль усе адпаведныя аспекты ад стандартаў для фінансавых устаноў, нагляду, да тэхнічных аспектаў функцыянавання плацежных сістэм),
- валютнае рэгуляванне,
- бухгалтарскія і аўдытарскія стандарты,
- правілы і механізмы канкурэнцыі, унутранага гандлю,
- абарона правоў спажыўцоў,
- прамысловасць, сельская гаспадарка,
- транспарт,
- інфармацыйныя стандарты,
- ветэрынарныя і фітасанітарныя стандарты.
У сваёй сукупнасці гэтыя сферы і адпаведныя стандарты фарміруюць тое, што эканамісты называюць інстытуцыйным падмуркам (institutional underpinnings). Кажучы простай мовай, адпаведныя правілы і стандарты — гэта фундамент дзяржавы і яе суверэнітэту, яны задаюць «змест дзяржавы» на аперацыйным узроўні. Яшчэ прасцей — яны задаюць лад жыцця ў краіне, фарміруюць рамкі дазволенага як для людзей, так і для ўлады.
У гэтай частцы варта зрабіць адступленне. Сёння ў свеце і ў акадэмічным асяроддзі, і на палітычным узроўні адным з найбольш актуальных з’яўляецца пытанне таго, што ў выніку міжнародных пагадненняў па замежным гандлі краіны і іх урады страчваюць празмерную частку свайго суверэнітэту.
Замест выбару, скажам, з дзесяці опцый яны (у выніку, напрыклад, абавязацельстваў па валютным рэгуляванні або па стандартах фінрэгулявання, харчовай бяспецы ды інш.) могуць выбраць толькі, напрыклад, з дзвюх.
Адпаведна, часам урады не прымаюць рашэнняў, а іх проста афармляюць у адпаведнасці з прадпісаннямі міжнародных дамоваў.
Гэткая праблема ў той ці іншай ступені тычыцца эканамічных саюзаў (таго ж Еўрасаюза) і нават зон свабоднага гандлю ці мытных саюзаў.
У нашым выпадку кола стандартаў, якія прапануецца «гарманізаваць» і «ўніфікаваць», значна шырэйшае за логіку звычайнага эканамічнага саюза (апошняму плюс-мінус адпавядае ЕАЭС). Яшчэ раз падкрэслю, на парадку дня гэтага саюзнага плана — амаль поўны шэраг інстытуцыйных падмуркаў. Калі такая «гарманізацыя» і «ўніфікацыя» адбудзецца, гэта з’есць значную частку суверэнітэту краіны.
Прывяду яшчэ адну паралель. Уявіце, што вы жывяце ў звычайнай кватэры ў шматкватэрным доме.
За пэўныя бонусы ваш сусед, які валодае дзясяткам кватэр у гэтым жа доме, прапануе заключыць дамову, па якой трэба ўладкаваць правілы вашага жыцця, арыентуючыся на ягоныя.
Вы бераце на сябе абавязкі, у які час можна прыходзіць і выходзіць з дому, калі класціся спаць, якая мэбля павінна стаяць у вашай кватэры і як яна павінна быць расстаўлена, як трэба кіраваць сваімі фінансамі і які адпаведны ўлік весці, якія прадукты можна набываць, у якія крамы можна хадзіць, на якім аўто трэба ездзіць, якіх жывёл можна заводзіць ды іншыя (на 124 старонках). Пэўная свабода выбару застаецца, але толькі ў гэтых межах. Але ключ ад кватэры і тэхпашпарт на яе застаюцца ў вас.
Засцярогі, накшталт прыведзеных вышэй, часта абвяргаюцца аргументам, што беларускі бок усё гэта ўсведамляе і будзе тармазіць гэткую інтэграцыю.
Больш за тое, дамовы ў стылі «гарманізаваць» і «ўніфікаваць», маўляў, дамовы ні аб чым, гандаль паветрам, каб пацягнуць час.
Цяжка не пагадзіцца, што намер беларускага боку, хутчэй за ўсё, насамрэч такі.
Тады ўзнікае прынцыповае тэхнічнае пытанне. Ці закладзены ў бягучы план механізм імплементацыі, які пазбавіў бы беларускія ўлады магчымасці ўхіліцца ад фактычнага выканання таго, што хоча Расія? Сыходзячы з дакумента, мой адказ на такое пытанне — пакуль 50 на 50.
З аднаго боку, насамрэч, першая група праграм захламленая словамі «гарманізацыя» і «ўніфікацыя». Гэта, здаецца, як і раней, пакідае шмат магчымасцяў для далейшага разыходжання ў інтэрпрэтацыі, доўгіх узгадненняў і г. д.
Але, з другога боку, гэта ўжо не пусты набор дэкларацый і хацелак. Расія, відаць, паспрабавала мінімізаваць такія рызыкі, зрабіўшы досыць выразным механізм гэтай «гарманізацыі» і «ўніфікацыі».
У кожнай праграме па кожным пункце «гарманізацыі» прыведзены вычарпальны спіс нарматыўна-прававых актаў, якія трэба «гарманізаваць» ці «ўніфікаваць».
Далей у дачыненні амаль да ўсіх праграм першай групы прапісаны пакрокавы механізм, што азначае гэтая «гарманізацыя»: вызначэнне неабходнасці, узроўню і спосабаў гарманізацыі, супастаўленне нацыянальнага заканадаўства, узгадненне прынцыпаў, крытэрыяў і іншага зместу гарманізацыі, уласна гарманізацыя і ўніфікацыя нацыянальных нарматыўна-прававых актаў (НПА), падрыхтоўка і пагадненне новых НПА.
Далей, апроч трэку гарманізацыі, пераважная большасць праграм змяшчае і шэраг захадаў арганізацыйна-тэхнічнага характару.
Напрыклад, інтэграцыя існага праграмнага абсталявання, распрацоўка новага софту па пэўных інтэграцыйных напрамках, правядзенне пілотных праектаў, выпрацоўка і выкананне яшчэ больш дэталёвых дарожных картаў па асобных кірунках.
Таксама ў рэчышчы фактычнага выканання дамоваў трэба звярнуць увагу на асцярожныя і размытыя падводкі да надзялення больш змястоўнай роллю і пэўнай суб’ектнасцю самой саюзнай дзяржавы.
Напрыклад, у шэрагу праграм заходзіць гаворка не толькі аб узгадненні нацыянальных НПА, але і аб магчымасці імплементацыі нормаў праз наднацыянальныя акты.
У асноўных кірунках дэкларуецца «вызначэнне асноў стварэння ўласнасці Саюзнай дзяржавы».
Што тычыцца нарматыўных і арганізацыйна-тэхнічных пунктаў, то хоць і не дэталёва, але больш-менш выразна прапісаныя дэдлайны. Яны прыпадаюць на 2022-2023 год. На парадку дня з’явіліся абавязацельствы ў дачыненні не да якой-небудзь няпэўнай будучыні, а даволі блізкай.
Напэўна, тут ізноў можа паўстаць пытанне, маўляў, удакладненне зместу і тэрмінаў інтэграцыі ўсё адно не гарантуе гатоўнасці беларускага боку гэта выконваць. І вось тут важную ролю адыгрывае другая група праграм (газ, нафта, падаткі і мытня), іх змест і механіка імплементацыі.
Нізкія цэны і спрыяльныя ўмовы па газе і нафце — гэта галоўныя моманты для беларускіх уладаў. І яны адчувальныя не столькі ў будучыні, колькі сёння і зараз. Захаванне «нафтагазавых субсідый» для сённяшняй Беларусі — умова падтрымання штаноў у эканоміцы. І рускія гэтым наўпрост карыстаюцца.
Газавая праграма прадугледжвае, што ў 2022 і 2023 гадах цэны паставак «блакітнага паліва» для Беларусі вызначаюцца штогод па выніках перамоў бакоў і замацоўваюцца асобным пратаколам змен да базавага пагаднення 2011 года. Гэты пратакол дзейнічае год.
Маецца на ўвазе, што пасля 2023 года можа пачаць дзейнічаць так званы адзіны рынак газу, якога беларускі бок дабіваецца ад самага пачатку ўсёй эпапеі інтэграцыі. У спадзяванні, што пры пэўных агаворках гэты адзіны рынак павінен забяспечыць нізкія цэны на газ для Беларусі па змоўчанні, без патрэбы дадатковых перамоў. Для гэтага бакі павінны заключыць адпаведны дадатак да гэтай праграмы.
Мяркую, такі механізм дэманструе, што Расія мае намер выкарыстоўваць цану на газ у 2022-2023-м, а таксама згоду падпісаць дамову аб супольным рынку газу пазней як інструмент прымушэння да выканання першай групы праграм. Будзе рух па іншых кірунках — будзе танны газ і далей яго адзіны рынак.
Падобная сітуацыя з праграмай па нафце і нафтапрадуктах. Але яшчэ з больш жорсткім механізмам умоў і кантролю.
Расійскі нафтавы манеўр прыводзіць да зніжэння рэнтабельнасці беларускіх НПЗ і яго руху у мінус, што ставіць пад пытанне жыццяздольнасць усёй галіны. А гэта экзістэнцыйны выклік для ўсёй цяперашняй мадэлі эканомікі, бо нафтаапрацоўка — ключавая з яе «стрыжнявых» галін.
На будучыню адпаведная праграма прадугледжвае «вырашэнне» пытання за кошт стварэння адзінага рынку. Шмат у чым па аналогіі з газавым пытаннем.
А адносна цяперашняга перыяду праграма адсылае і наўпрост звязвае нафтавыя перспектывы з гарманізацыяй падатковага і мытнага заканадаўства. І тут самае цікавае.
Публічна расійскія чыноўнікі не раз дэкларавалі абумоўленасць кампенсацыі за нафтавы манеўр (праз механізм зваротнага акцызу) узгадненнем прынцыпаў ускоснага падаткаабкладання.
На першы погляд, гэты механізм і замацаваны ў адпаведнай праграме пад фармулёўкамі «ўзгадненне і падпісанне міжнароднай дамовы аб прынцыпах спагнання ўскосных падаткаў» разам з «устанаўленнем фіскальных параметраў працы беларускіх НПЗ у сувязі з правядзеннем РФ падатковага манеўру».
Часткова такая ўзаемаўвязка зразумелая, але заўсёды яна выглядала трохі нацягнутай, бо прынцыпы і іншыя характарыстыкі спагнання гэтых падаткаў у Беларусі і Расіі досыць блізкія.
З праграмы відно, што пад маркай узгаднення прынцыпаў ускосных падаткаў насамрэч расійскі бок значна болей хвалюе магчымасць бачыць і часткова кантраляваць фінансавыя плыні беларускай эканомікі.
Адным з галоўных тэхнічных рашэнняў гэтай праграмы з’яўляюцца «праектаванне інтэграванай сістэмы адміністравання ўскосных падаткаў (ІСА УП)», «распрацоўка ІСА УП», «укараненне ІСА УП».
У сучаснай Расіі праз падатковае праграмнае забеспячэнне (АІС «Налог — 3») здзяйсняецца татальны кантроль за ўсёй эканамічнай дзейнасцю.
З аднаго боку, гэтая сістэма выконвае і функцыі, якія яна дэкларуе: яна насамрэч дазваляе знізіць махлярства, падвысіць фіскальную празрыстасць. Але адначасова даволі шмат падстаў думаць, што магчымасці гэтай сістэмы выкарыстоўваюцца і для ўвасаблення адвечнай ідэі аўтарытарных ці таталітарных рэжымаў: «Вялікі брат сочыць за табою».
Выглядае, што такі вопыт расійскі бок хоча экстрапаляваць на Беларусь, каб атрымаць доступ да кантролю за фінансавымі плынямі ў беларускай эканоміцы.
Некаторыя неадназначныя дэталі ўтрымлівае таксама мытная частка гэтай жа праграмы. Напрыклад, ідзе асцярожная гаворка аб стварэнні новай наднацыянальнай структуры (міждзяржаўны цэнтр у складзе Мытнага камітэта Саюзнай дзяржавы), надзяленне Мытнага камітэта СД шэрагам новых паўнамоцтваў.
Акурат гэтая праграма распісаная ў максімальна канкрэтных дэталях, агавораная паслядоўнасць крокаў. І менавіта па гэтай праграме зацвердзілі самыя жорсткія дэдлайны (у асноўным гаворка ідзе пра бягучы 2022 год).
Газ, нафта і падаткі — вось блок праграм, якія абодвума бакамі разглядаюцца як ключавыя.
Для беларускага боку гэта спроба вырашыць пытанні, якія востра стаяць ужо сёння.
Дзеля гэтага прыйшлося адмовіцца ад сваёй ранейшай пазіцыі: да сярэдзіны 2020-га беларускія ўлады адстойвалі думку, што за танныя нафту і газ ужо заплачана ўступленнем у ЕАЭС і аб ніякіх новых умовах не можа ісці гаворка.
Вось так за адзін і той жа тавар (танныя газ і нафта) прыйшлося заплаціць двойчы. Але з надзеяй усё ж такі пазней збочыць.
Расійскі бок у гэтай дамове выразна абазначыў сваё разуменне інтэграцыі. Яны прэтэндуюць на кантроль за ўсімі інстытуцыйнымі падмуркамі Беларусі і хочуць пазбавіць краіну інстытуцыйнай самастойнасці. Адбываецца ўцягванне Беларусі ў кола расійскіх стандартаў і крытэрыяў, прывязка да сябе і сваёй траекторыі развіцця.
Масква разумее, што існуе імавернасць, што ўсё зноў пойдзе не так. Таму яны максімальна карыстаюцца слабасцю эканамічнага становішча Беларусі сёння. І спрабуюць запусціць двухкрокавы механізм імплементацыі.
Уладам Беларусі патрэбныя танны газ і нафта. Расія ж выкарыстоўвае зніжаныя цэны на энерганосьбіты ў якасці траянскага каня, каб уключыць механізмы кантролю праз падатковыя і мытныя інструменты, уключаючы «падатковае відэаназіранне».
Калі гэта атрымаецца, то і прасоўванне асноўнай часткі інтэграцыйнага пакета стане пытаннем часу і справай тэхнікі.