Ксёндз Барок даў інтэрв’ю Мелказёраву: «Нельга параўноваць Лукашэнку з Сатаной»

У праекце «Жыццё-маліна» выйшла гутарка Мікіты Мелказёрава з Вячаславам Барком — адным з самых вядомых каталіцкіх святароў. Сабралі галоўныя моманты гэтага вострага інтэрв'ю.

29.01.2022 / 14:41

«Зельцэра каталіцкае багаслоўе апраўдвае»

«Калі чалавек скажа праўду — ён акажацца на Акрэсціна. Бо за што сядзяць людзі? Толькі за тое, што яны захацелі праўды, справядлівасці, — сказаў Вячаслаў Барок. — І Хрыстос сёння таксама б аказаўся на Акрэсціна, бо для праўды ў беларускім грамадстве сёння месца няма».

«Езус ведаў, што яго прышэсце ў свет справакуе кравапраліцце. Ён разумеў, што жыццё на зямлі не мае сэнсу, калі не мае свабоды», — працытаваў Барка вядучы і ўдакладніў, ці не намёк гэта на сілавое рашэнне беларускага пытання.

Барок адказаў так: «Свабода — каштоўнасць большая за жыццё. Яна вартая таго, каб жыццё за яе аддаць».

Ён падкрэсліў: не заўсёды магчыма вырашаць праблемы мірна, і касцёл афіцыйна прадугледжвае ўзброены супраціў, калі няма іншага выхаду. 

«Я б не хацеў браць зброю ў рукі, і не буду тым першым чалавекам, які гэта зробіць. Але нельга называць злачынцам таго, хто ўзяў зброю, баронячы сваё жыццё. Згадаем Зельцэра — каталіцкае багаслоўе яго апраўдвае. Ён меў на гэта права», — кажа ксёндз.

«Нельга параўноўваць Лукашэнку з Сатаной»

Крах дзяржавы ў Беларусі ўжо адбыўся, на думку Барка, бо 90% беларусаў не адчуваюць бяспекі. 

Але быць беларусам сёння вельмі крута — бо мы зараз вырашаем лёс нацыі на стагоддзі наперад. «І мы разумеем, што сіла ў праўдзе, у нашай культуры, у нашай самабытнасці», — адзначыў святар.

У Беларусі калі не большасць, то вельмі шмат «праваслаўных атэістаў», бязбожнікаў, «бо Праваслаўная царква выкарыстоўваецца як палітычны інструмент для прасоўвання інтарэсаў рэжыму», — сказаў Барок. Ён заўважыў:

«Беларускі рэжым — антылюдскі, але гэтае зло прымітыўнае. Таму нельга параўноўваць Лукашэнку з Сатаной — бо Сатана хітры і інтэлігентны, ён ведае, што робіць».

«Я адчуваў сабачы подых»

У снежні 2020 года Барок атрымаў 10 сутак за публікацыю малюнка дызайнера Цэслера, дзе мелася чырвона-зялёная свастыка. Судзілі яго ў Расонах.

«Мяне судзілі паказальна, — згадвае Барок. — Калі мы прыйшлі ў суд, зала была ўжо запоўненая: я там убачыў работнікаў выканкама, РАУС. Я здзівіўся, што так шмат гледачоў, і ў першую чаргу падзякаваў ім, што яны прыйшлі мяне падтрымаць. А біскупа, які прыехаў на суд, у залу так і не пусцілі». 

Таксама ксёндз расказаў, як з ім абыходзіліся ў віцебскім СІЗА:

«Гэта было непаўторна. Падыходзяць ахоўнікі, цудоўныя хлопцы, і пачынаецца. Пачалі гаркаць, крычаць на мяне, паставілі да сцяны.

Ходзяць вакол мяне з аўтаматамі, паставілі на расцяжку, сабак нацкоўваюць. Я адчуваў аж сабачы подых. Сабакі брэшуць, а ахоўнікі крычаць грамчэй, чым тыя сабакі. Так што спектакль быў добры.

Потым мяне распранулі, даглядалі, падчас чаго зневажалі, але гэта быў ціск маральны, фізічнай шкоды не было.

У маёй камеры быў чалавек, які палову жыцця правёў па зонах — 27 гадоў. У яго вачах было адэкватнасці больш, чым у ахоўнікаў. Ён ведаў, што закон мусіць быць, ён прызнаваў, што вінаваты, што зрабіў злачынства, за што мусіў адседзець. Ён жыве па законе. А тыя, хто яго пільнуюць, жывуць не па законе, а па паняццях». 

«Прадстаўнікам царквы няма чаго рабіць на УНС»

Чаму, калі Бог ёсць, у Беларусі адбыўся жнівень 2020 года, спытаў Мелказёраў.

«Крызісная сітуацыя — гэта блаславенне ад Госпада, калі кожны мог паказаць, хто мы насамрэч: ці сапраўдныя людзі, ці быдла, звяры. І некаторыя не прайшлі гэтага іспыту»,

— адказаў Барок.

Пра ўдзел каталіцкага прадстаўніка ва Усебеларускім народным сходзе Барок сказаў, што шмат каталікоў казалі, што не трэба туды ісці, пыталіся, навошта гэта было. 

«Але ў адказ — маўчанне, у адказ — цішыня. Гэта няправільна. У касцёле мусіць быць яснасць — калі пастыр нешта робіць, вернікі мусяць разумець, навошта ён тое робіць.

На маю думку, прадстаўнікам Царквы няма чаго там рабіць. Там, дзе збіраюцца людзі, якім не да законаў — вернікам няма чаго рабіць», — падзяліўся меркаваннем ксёндз.

Таксама ён падкрэсліў: царква мусіць пераходзіць на матчыну мову. Калі яна не робіць тое, то грашыць перад Госпадам. 

Чаму самі беларусы не гавораць сёння на беларускай? Яны не змогуць патлумачыць, у іх няма адказу на гэтае пытанне, ўпэўнены Вячаслаў Барок.

«Я вучыўся у рускамоўнай школе, але перайшоў на беларускую класе ў 8 ці 9. Пачаў дзённік запаўняць на беларускай. Класны кіраўнік пытаўся: «Чаму так? Чаму ты адзіны вырашыў, што гэта такое?» А што, я не маю права? Я беларус», — згадаў Барок.

«Католік не можа быць камуністам»

Барок паведаміў, што лічыць фашызм і камунізм амаль адным і тым жа.

«Так лічыць афіцыйнае вучэнне Касцёлу каталіцкага. Бо гэта ягадкі з аднаго поля, таталітарныя рэжымы.

А кожны таталітарны рэжым кепскі, няма сярод іх лепшага ці горшага.

Папы Рымскія выдавалі дакументы, дзе казалі, што католік не можа быць камуністам. Адзінае, у што можа трансфармавацца камунізм — гэта ў тэрарызм», — кажа ксёндз.

Ён адзначыў, што трэба, каб камуністычны рэжым быў асуджаны, каб зніклі помнікі Леніну, Калініну, Дзяржынскаму з беларускіх вуліц. 

«Так, гэта частка гісторыі. Але ўявіце сабе: вас згвалцілі і пасля партрэт гвалтаўніка павесілі ў вашай хаце на сцяне. Маўляў, гэта ж частка вашай гісторыі, — тлумачыць Барок. — У мяне няма нянавісці да савецкіх дзеячаў, але я хачу, каб гэтыя помнікі зніклі і сучасныя беларусы перасталі ім пакланяцца. Каб мы адназначна сказалі: тое, што яны прапанавалі, тое было зло».

Вячаслаў Барок расказаў, што не збіраўся з’язджаць з Беларусі. Але ім пачалі цікавіцца з пракуратуры Віцебска, Расонаў і Гарадка. Калі з’явілася пастанова аб канфіскацыі яго камп’ютара і тэлефона, ксёндз вырашыў усё ж пакінуць краіну. 

«Я не мог дазволіць, каб у мяне забралі тэхніку, бо з яе дапамогай прапаведаваў Божае слова на Ютубе, у Інстаграме, у Фэйсбуку. Каб тэхніку забралі, мяне б пазбавілі голаса. Я на гэта не пайшоў», — растлумачыў ён.

Але Барок кажа, што абсалютная ідылія для яго — вярнуцца ў свае Расоны, у свой храм, на сваё месца.

«Я хачу, каб Беларусь вярнулася да жыцця па законах, каб улада была падзеленая на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Хачу, каб людзі не былі вымушаныя ўцякаць з краіны, а тыя, хто ўцёк, маглі вярнуцца. А я буду маліцца і дзякаваць Богу, што гэта адбылося, — сказаў ён.

Чытайце таксама:

«Лукашэнка так хацеў утрымацца ва ўладзе, што ахвяраваў сваім народам». Коратка пераказваем фільм Дудзя пра беларусаў, ад якога многа хто плача 

Ціханоўская ацаніла параўнанні свайго мужа з Лукашэнкам і пракаментавала выпады Саннікава

Nashaniva.com