Шасці чалавекам па «справе размаляваных цюкоў» далі па годзе калоніі
Суд Стаўбцоўскага раёна вынес прысуды па рэзананснай «справе размаляваных цюкоў з саломай» супраць сямі палітвязняў, затрыманых 1 верасня мінулага года ў Дзяржынскім раёне.
31.01.2022 / 11:33
Суддзя Вікторыя Суднік прызнала ўсіх вінаватымі па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства групай асобаў) і прызначыла ўсім, акрамя Кацярыны Арыкі, па годзе калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — Андрэю Арыку, Максіму Дубешку, Аляксандру Бабко, Вользе Дубовік, Алене Дзядзюлі, Ігару Мысліўцу.
Кацярыну асудзілі да 1,5 года «хатняй хіміі» і вызвалілі ў зале суда.
Абвінавачаных затрымалі 1 верасня мінулага года ў Дзяржынскім раёне. Паводле версіі абвінавачвання, яны нанеслі фарбавальнікам чырвонага і чорнага колераў выявы рознага зместу на 82 упакоўкі сенажу, якія належаць ААТ «Крутагор'е-Петкавічы». Шкода склала 1,5 тысячы рублёў.
У судзе абвінавачаная Кацярына Арыка распавяла, што да некаторых затрыманых прымяняўся гвалт.
«Намалявалі (затрыманым) на спінах свастыку. Сказалі, што расстраляюць… размалявалі рукі, твар. Потым паднялі, павялі на поле, расставілі вакол цюкоў, узялі тэлефон і здымалі на камеру. Потым назад завялі і паклалі тварам у зямлю», — паведаміла Кацярына Арыка.
Фігуранты справы падкрэслілі, што арганізаваў «акцыю» праз тэлеграм невядомы хлопец. Сярод затрыманых яго не аказалася.
Двое абвінавачаных па справе прапаноўвалі следчым цалкам выкупіць размаляваныя цюкі або памыць іх, але прапановы нават не былі перададзеныя дырэктару гаспадаркі.