Галоўчанка анансаваў «жорсткія меры» ў дачыненні да Літвы

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка расказаў сёння аб мерах у адказ з беларускага боку пасля спынення транзіту беларускага калію праз Літву. Праўда, якія меры, ён не ўдакладніў.

01.02.2022 / 14:00

«Яны (літоўцы) пакаралі самі сябе. Мала таго, што і так небліскучая эканоміка Літвы нясе вялікія страты, транспартныя страты — і чыгунка, і порт Клайпедскі, што, уласна кажучы, выклікае абурэнне там, але гэта іх унутраная справа. Мы даўно да гэтай сітуацыі рыхтаваліся, мы свае пастаўкі пераарыентуем. За кошт больш доўгага пляча ў Расіі. Мы крыху згубілі ў маржынальнасці, але яна будзе кампенсаваная за кошт сусветных цэн», — расказаў прэм'ер.

Таксама Галоўчанка паведаміў, што будуць спагнаныя адпаведныя штрафы ў літоўскіх судах.

«Меры ў адказ будуць жорсткія, — сказаў прэм'ер-міністр. — Мы, як прынята казаць, адкажам сіметрычна.

Рашэнне прынятае, яно закране чыгуначны транспарт, які едзе з тэрыторыі Літвы.

Мы прапанавалі літоўскім калегам дыялог па гэтым пытанні, дзверы ніколі не зачыненыя. Мы звярнуліся з прапановай у прававым полі правесці кансультацыі і вызначыць далейшыя нашы ўзаемаадносіны, бо Літва парушыла міжправавое пагадненне, не кажучы пра іншыя дакументы, якія рэгулююць пытанні транзіту для краін, якія не маюць выхаду да мора, як для Беларусі. Мы прапанавалі варыянт, і калі не адкажуць, мы ў найбліжэйшыя дні ўвядзём меры ў адказ. Гэта будуць не санкцыі, а меры ў адказ», — сказаў Раман Галоўчанка.

Nashaniva.com