«Вырваўся з Мордара». Пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі з'ехаў з Беларусі

«Вырваўся з Мордара. Я на вольнай тэрыторыі», — напісаў пісьменнік Севярын Квяткоўскі ў Facebook.

02.02.2022 / 12:50

Севярына Квяткоўскага затрымалі 19 студзеня. Ён толькі вярнуўся з Польшчы, дзе пражыў паўгода.

Затрымалі пісьменніка за перапост у сацсетках роліка, «у загалоўку якога была абраза супрацоўніка брэсцкай міліцыі». Пра гэта ён сказаў у «пакаянным» відэа, якое знялі міліцыянты.

22 студзеня Квяткоўскага выпусцілі на волю ў Пінску. Пасля выхаду з-за кратаў ён паведаміў, што на яго пачалі крымінальную справу.

Севярын Квяткоўскі — вядомая асоба ў беларускай журналістыцы, інтэлектуалістыцы і пісьменстве. 

Ён працаваў журналістам на «Радыё 101,2» (1995—1996), у газетах «Имя» (1995—1996) і «Наша Ніва» (1996—1999), у беларускай рэдакцыі «Польскага радыё» (1997—1998), на «Радыё Рацыя» (1999—2002) і «Радыё Свабода» (2002—2008). Быў рэдактарам грамадскага блога «Будзьма беларусамі!» (2008—2012). З 2012-га быў публіцыстам «Радыё Свабода». 

Nashaniva.com