Як цяпер жыве пенсіянерка, пра «палац» якой пасля пікета Ціханоўскага ў 2020 годзе гаварыў Лукашэнка
Гродзенка Галіна Філіпаўна Андрэйчык стала знакамітай 29 мая 2020 года, калі на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаты ў прэзідэнты ў цэнтры Гродна нечакана трапіла ў стрым Сяргея Ціханоўскага і выказала ўсё, што думала пра сітуацыю ў краіне і дзейную ўладу. Праз некалькі дзён пенсіянерку ў сваёй прамове згадаў Лукашэнка — маўляў, пажылая жанчына «крычала і гарлала», а яе дом назваў «палацам». Пасля гэтага на дзяржканалах выходзілі сюжэты пра сям'ю Галіны Філіпаўны і яе «катэдж» — праўда, з самой гераіняй сюжэтаў супрацоўнікі не размаўлялі. Блог «Отражение» пагутарыў з пенсіянеркай і даведаўся, як яна цяпер жыве.
02.02.2022 / 19:16
Галіна Філіпаўна ў 2020 годзе.
Галіна Філіпаўна — кандыдат эканамічных навук. У свой час яна працавала і ў Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы, і ў медыцынскім універсітэце, і ў іншых ВНУ Гродзеншчыны. Чытала лекцыі — спачатку па палітэканоміі, а потым па эканоміцы. На пенсію выйшла толькі ў 2011 годзе, калі моцна захварэла. А да гэтага, акрамя выкладання, займалася навукай.
У маі 2020 года яна расказвала парталу TUT.BY, што ўжо на пенсіі стала асвойваць Інтэрнэт. Напрыклад, прагледзела ўсе ролікі на YouTube-канале Ціханоўскага, стала яго прыхільніцай і адданай «фанаткай». А яшчэ дзякуючы відэаролікам блогера змагла ўбачыць, як жывуць людзі ў вялікіх гарадах і маленькіх вёсках.
— Там жа галеча, паглядзіце, якая, — казала Галіна Філіпаўна.
Сама яна на сваё фінансавае становішча не скардзілася: маючы 50-гадовы працоўны стаж, атрымлівае годную пенсію. Але жанчына перажывала за іншых пенсіянераў, разумеючы, што вельмі многім жыць нялёгка.
Увечары 29 мая 2020 года яна паехала на Савецкую плошчу ў Гродне, дзе праходзіў пікет па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаты ў прэзідэнты. У абласны цэнтр тады прыехаў Сяргей Ціханоўскі. Да свайго затрымання ён меў зносіны з гродзенцамі і вёў стрым.
На пікеце з Ціханоўскім.
У нейкі момант Ціханоўскі падышоў да Галіны Філіпаўны, і яна выказала яму ўсё, што думае. Казала «пра развал краіны», рэзка выказалася пра тое, што адбываецца, і пра дзейную ўладу. Гаварыла эмацыйна і доўга.
Імправізаванае выступленне бабулі кранула людзей і на самой плошчы, і ў Сеціве. А праз некалькі дзён панеслася: фатаграфію дома, дзе жыве Галіна Філіпаўна, знятую дронам, тагачасны кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык аднёс Лукашэнку. Той назваў Галіну Філіпаўну «бедалажкай».
— «Лукашэнка дрэнны», а самі жывуць у палацах. Нейкая 80-гадовая жанчына крычала, гарлала. Даслалі мне фатаграфію: асабняк сына і яе асабняк на адной пляцоўцы. Чаго табе не хапае? — казаў сам Лукашэнка.
Потым сюжэт пра пенсіянерку паказалі на дзяржканалах. Галіна Філіпаўна пасля ўсіх гэтых падзей вельмі знервавалася, расхвалявалася. Паказвала свае «палацы» — недабудаваныя маленькі домік і вялікі дом, дзе яна жыве разам з сям'ёй і які будавалі ўсе разам шмат гадоў. Дзівілася, што супрацоўнікі дзяржСМІ з ёй так і не пагаварылі.
Зрэшты, з таго моманту яе не турбавалі. Дронаў яна, ва ўсякім разе, над домам больш не бачыла.
Цяпер, расказвае Галіна Філіпаўна, пра яе ніхто не ўспамінае і да яе дадому больш ніхто не прыходзіў.
— Спачатку было страшна. А цяпер — не. Калі ў іх будуць [пытанні] да мяне ці захочуць мяне забраць, то я ўяўляю, як яны мяне, амаль не хадзячую, пацягнуць кудысьці. Вось я пагляджу на гэта,
— кажа Галіна Філіпаўна і, зноў крыху памаўчаўшы, працягвае.
— Ведаеце, мне 83-ці год ідзе. І я ўсё яшчэ спадзяюся, што дажыву … дажыву да добрых часоў, да іншай улады. Потым думаю: «Добра, я пажыла ўжо, хай хоць маладыя дачакаюцца».
Моладзь шкада, якой прыйшлося з'ехаць, якая ўсё едзе і едзе. Працы няма для маладых, свабоды няма. Маладым даводзіцца вось так жыць і перажываць усё тое, што адбываецца цяпер: турмы, суды, ад'езды. Людзі ж нічога [дрэннага] не зрабілі.
Галіна Філіпаўна гаворыць павольна, робячы вялікія паўзы паміж фразамі. Прызнаецца: апошнім часам стала складана гаварыць, гаворка запаволілася, словы забываюцца. Ды і з нагамі абвастрыліся старыя праблемы: хадзіць стала вельмі цяжка.
— Перасоўваюся вельмі дрэнна. І з палачкай дрэнна атрымліваецца, і з мыліцай, — уздыхае яна.
Але, нягледзячы на складанасці са здароўем, стараецца чытаць апошнія навіны. Заставацца ў курсе апошніх падзей таксама нялёгка: баляць вочы, пагоршыўся зрок. Ды і перажывае моцна. У 2020 годзе, прызнаецца Галіна Філіпаўна, яна ўсё ж была больш актыўная: і навін больш чытала, і нават на першы агітацыйны пікет за Святлану Ціханоўскую трапіла.
— Але ўсё роўна гляджу ў Інтэрнэце. Перажываю за ўсіх. Часам мне не падабаюцца дзеянні Святланы Ціханоўскай і каманды, але потым думаю: што ж яна можа зрабіць? Ужо добра, што нешта робіць, яна думае пра Беларусь,
— кажа суразмоўца.
Як і раней, пенсіянерка падтрымлівае сувязь з Сяргеем Ціханоўскім — піша яму лісты. Але, мабыць, частку з іх ён усё ж не атрымлівае. Як і Галіна Філіпаўна.
— Ён ужо, напэўна, і не думае, што я жывая, таму што ў апошнім лісце напісаў: «Віншую сям'ю Андрэйчык з Новым годам і Калядамі». Збіраюся яму адпісаць у адказ. Але ўвесь час думаю, як напісаць так, каб яму не нашкодзіць. Пакуль не прыдумала,
— прызнаецца жанчына.
За судом над Сяргеем Галіна Філіпаўна ўважліва сачыла. Прызнаецца, прысуд яе знерваваў і ашаламіў:
— Гэта, вядома, дзіка. Розумам не зразумець, каб 18 гадоў далі чалавеку, які нічога не сказаў на [Лукашэнку], ніякіх заклікаў не рабіў, — кажа Галіна Філіпаўна і доўга маўчыць.
Ціха ўздыхае.