Радыё Свабода атрымала загад ад расійскіх уладаў выдаліць дзясяткі публікацый. Не выканае — будуць блакаваць 

4 лютага і ў ноч на 5 лютага Расійская служба Радыё Свабода атрымала каля 40 пісьмовых апавяшчэнняў ад «Раскамнагляду» з патрабаваннем выдаліць матэрыялы, напісаныя на аснове расследаванняў выдання «Праект» і каманды апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага ды Фонду барацьбы з карупцыяй.

05.02.2022 / 19:57

Аляксей Навальны.

У лістах ведамства спасылаецца на патрабаванні Генеральнай пракуратуры, у якіх гаворыцца, што інфармацыйныя матэрыялы арганізацый, прызнаных у Расеі непажаданымі і экстрэмісцкімі, павінны быць выдаленыя з публічнай прасторы.

У выпадку, калі публікацыі не будуць выдаленыя цягам сутак з моманту атрымання апавяшчэнняў, «Раскамнагляд» пагражае заблакаваць сайт Радыё Свабода.

Падобныя апавяшчэнні накіраваныя і іншым рускамоўным рэдакцыям мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — каля 30 лістоў у агульнай суме атрымалі тэлеканал «Настоящее время», Украінская, Таджыкская, Казахская і Татара-Башкірская службы.

Аналагічныя патрабаванні нагляднае ведамства на гэтым тыдні прад’явіла таксама тэлеканалу «Дождь», вэб-сайту «Медуза», радыёстанцыі «Эхо Москвы», сайту Znak.com, «Новой газете» і іншым.

Nashaniva.com