Помнік Леніну ў Буда‑Кашалёўскім раёне забіў чалавека
21‑гадовы хлопец спрабаваў павіснуць на руцэ правадыра сусветнага пралетарыята.
10.08.2009 / 12:50
Няшчасны выпадак здарыўся раніцай панядзелка (04:40) на тэрыторыі мясцовай школы, дзе ў альтанцы сустракала світанак моладзевая кампанія.
Хлопец ускараскаўся на пастамент помніка Леніну (вышынёй шэсць метраў) і паспрабаваў павіснуць на працягнутай уперад руцэ правадыра сусветнага пралетарыята. У той жа час і адбылося абрушванне цяжкай канструкцыі.
Па дарозе ў Гомельскую абласную клінічную бальніцу малады чалавек ад атрыманых траўмаў сканчаўся. Зараз праводзіцца праверка.