«Ці то сумку паставілі, ці то іншае». Машыністаў цягніка адхілілі ад працы за сігнал каля Александрыі
Абсурдная гісторыя здарылася на чыгунцы. У снежні машыністы, праязджаючы Александрыю, малую радзіму Лукашэнкі, заціснулі кнопку гукавога сігналу. За паўтары хвіліны гудка паляцелі галовы. «Наша Ніва» даведалася падрабязнасці.
10.02.2022 / 08:00
Ілюстрацыйнае фота
Пра гісторыю паведаміў тэлеграм-канал стачкамаўцаў. У снежні лакаматыўная брыгада магілёўскага дэпо вярталася пасля паездкі ў Віцебск. Яны як пасажыры сядзелі ў задняй кабіне дызель-цягніка. Калі цягнік праязджаў па Шклоўскім раёне, каля Александрыі, пачуўся сігнал.
У той час там, верагодна, знаходзіўся Лукашэнка. Таму інцыдэнт на чыгунцы пачалі расследаваць.
«Бралі запісы бартавога камп'ютара, тлумачальныя ў брыгад — і той, якая вяла цягнік, і той, што вярталася дадому. Брыгада тлумачыла, што тое здарылася выпадкова. У дакументах пазначылі, што на ціфон (кнопку падачы гукавога сігналу) ці то сумку паставілі, ці то штосьці яшчэ», — расказалі «Нашай Ніве» ў стачкаме.
Па інфармацыі чыгуначнікаў, у тым жа снежні начальніку дэпо, яго намесніку па эксплуатацыі і інструктару калоны машыністаў вынеслі вымовы. Саму брыгаду, якая вярталася дадому ў задняй кабіне (гэта два чалавекі), адхілі ад працы машыністамі і перавялі ў рамонт. Там заробкі меншыя.
«Спачатку іх хацелі толькі прэміі пазбавіць, але Мінск гэта не задаволіла», — дзеляцца ў стачкаме.
Чыгуначнікі кажуць, што даўно існуе вуснае распараджэнне не прымяняць сігнал на ўчастку дарогі каля Александрыі.