Паліцыя затрымала экс-прэзідэнта Гандураса. Яго выводзілі закаванага ў ланцугі

Хуана Арланда Эрнандэса затрыманлі ў Тэгусігальпе па абвінавачванні ў гандлі наркотыкамі ў адказ на запыт ЗША аб экстрадыцыі.

16.02.2022 / 07:58

Паліцыя Гандураса затрымала ў Тэгусігальпе былога прэзідэнта краіны Хуана Арланда Эрнандэса па абвінавачванні ў гандлі наркотыкамі ў адказ на запыт ЗША аб экстрадыцыі. Затрыманне праведзенае ў аўторак усяго праз некалькі тыдняў пасля заканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў, піша Deutsche Welle.

З дому экс-кіраўніка дзяржавы вывелі ў кайданках, ланцугах і ў куленепрабівальнай камізэльцы і даставілі на базу паліцэйскага спецназа. У прысутнасці журналістаў некалькіх тэлеканалаў медыкі правялі агляд былога кіраўніка дзяржавы.

Амерыканскія ўлады абвінавачваюць Эрнандэса ва ўдзеле ў гандлі наркотыкамі пачынаючы з 2004 года.

Па версіі следства, Эрнандэс удзельнічаў у аперацыях па перапраўцы 500 тон какаіну з Калумбіі і Венесуэлы ў Злучаныя Штаты. Палітык, як мяркуецца, атрымаў хабар на мільёны даляраў у абмен на абарону наркагандляроў ад следства і судовага пераследу.

У 2021 годзе суд у ЗША асудзіў Хуана Антоніа Эрнандэса, брата тагачаснага прэзідэнта Гандураса, да пажыццёвага зняволення за ўдзел у наркагандлі.

Nashaniva.com