«Як кажуць у турме, жыві кім жыў». Пра што з-за кратаў піша Ягор Марціновіч
Восьмы месяц нашаніўцы знаходзяцца за кратамі. У лістах да сяброў Ягор Марціновіч распавядае, як шмат кніг прачытаў за гэты час, прыгадвае смешныя выпадкі з дзяцінства і распавядае, з якім настроем чакае суда. Нагадаем, судзіць нашых калег пачнуць 28 лютага.
20.02.2022 / 13:56
Пра кнігі ў турме
«Цяпер запісваю ўсе прачытаныя кнігі ў сшытак у асобны спіс. Не падумаў, што трэба было так адразу рабіць. Канечне, практычнай карысці не шмат, але любой сістэматызацыяй трохі займаеш час. Пастараюся максімальна згадаць усё, што чытаў у папярэднія месяцы. Будзе рэкордны год у жыцці. Столькі кніг хіба што ў дзяцінстве чытаў! — піша Ягор. — У дзяцінстве мама закідвала нас з братам у дзіцячую бібліятэку на вуліцы Чычэрына. Яе праца знаходзілася проста за оперным тэатрам. Дык мы цэлы дзень сядзелі за кнігамі, пакуль мама працавала. Вось такі каворкінг у нас быў. Перачыталі там усё, што маглі!
Цяпер прачытаў Оруэла, Марыніну, Акуніна. Наперадзе па томе Агаты Крысці, Васіля Быкава (нарэшце па-беларуску) і «Фінансіст» Драйзера. Таксама ў камеры знайшоўся Сартр, але чытаць тут філасофію не атрымліваецца».
Пра смешныя выпадкі з дзяцінства
«А яшчэ мы з братам у дзяцінстве пачалі збіраць маркі, Ну і каб падтрымаць нас у гэтай ініцыятыве, нам перадалі ў карыстанне мегакалекцыю марак, якую ў савецкі час сабраў брат мамы. І мы прыдумалі з гэтых марак цэлую цывілізацыю! Атрымалася, відаць, недзе 200 марак з гістарычнымі сюжэтамі. І вось для гэтах персанажаў мы прыдумалі набор партый з рознымі палітычнымі праграмамі. Усё сур’ёзна, недзе гэта запісвалі ж! Партыі ў нашым віртуальным грамадстве прабіваліся ў парламент, уступалі ў нейкія кааліцыі. У дадатак быў спіс тэлеканалаў у віртуальнай краіне, мы прызначалі-мянялі там дырэктараў, усё сур’ёзна! Гэта была сярэдзіна 1990-х, палітычная барацьба вабіла і захоплівала. Прычым там быў цікавы мікс персанажаў — героі Беларусі з нашых марак 1990-х і сацыялістычныя персанажы з савецкай калекцыі дзядзькі. Мы гэтым не надта пераймаліся, у нас усе ўперамешку былі».
«У нас у ліцэі раніцай 14 лютага раздавалі палову сардэчак з нумарамі. Ну і як бы трэба было на працягу дня знайсці сваю палову. Канечне, прыстойныя людзі кшталту мяне адразу хавалі гэтыя паперкі) Але былі і вучні з разлікам — знаходзілі патрэбнага ім чалавека (патрэбнага не па нумары, а па пачуццях), высвятлялі яго ці яе нумар, а пасля стваралі сабе сэрца-фальшыўку з такім нумарам. Выдатная нагода падкаціць!»
Пра настрой напярэдадні суда
«Прайшло 2/3 зімы, ура! Хадзіць без цёплай курткі было б нашмат камфортней, дый і ў красоўках зручней. Ну а калі стане даўжэйшы сонечны дзень, то ўвогуле песня. Хай хаця б у 8:00, калі ў нас ранішняя праверка, свеціць сонца».
«Настрой у мяне перад судом не змяняецца. Магчымыя два варыянты: альбо я вызваляюся (а я на гэта ўжо паспеў сто разоў настроіцца і пракруціць у галаве, таму прыдумляць сто першы няма патрэбы), альбо я застаюся тут. Але ў такім разе на наступныя месяцы для мяне нічога не змяняецца. З улікам таго, што і ў папярэднія месяцы мала што змянялася, не будзе нічога прынцыпова новага. Таму рана настройвацца на чарговы этап. Як кажуць у турме, жыві кім жыў. Вось такая філасофія».
Што можа кожны зрабіць для палітвязняў? Адправіць ліст ці паштоўку. Усяго некалькі словаў — вялікая падтрымка для людзей, якіх арыштавалі за погляды і імкненне зрабіць жыццё ў Беларусі лепшым.
Калі ласка, не забывайце пра нашаніўцаў, пішыце ім лісты.
Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1
Марціновіч Ягор Аляксандравіч
Скурко Андрэй Генадзевіч