Журналістку Кацярыну Андрэеву некуды перавялі з гомельскай калоніі. Куды — пакуль няясна

Журналістка «Белсата» Кацярына Андрэева (Бахвалава) больш не ўтрымліваецца ў жаночай калоніі №4 Гомеля.

19.02.2022 / 13:15

Гэта вынікае з лістоў ёй, якія вяртаюцца адрасатам. У той жа час ні сям'я, ні адвакаты пакуль не ведаюць, дзе Кацярына.

Раней палітзняволеную Наталлю Хершэ з ІК-4 перавялі ў крытую турму, пастрожыўшы ёй рэжым. Гэтаму папярэднічалі неаднаразовыя спагнанні ў калоніі — Наталлю кідалі ў штрафны ізалятар, а пасля суд змяніў рэжым на больш жорсткі. Ніякай інфармацыі пра спагнанні ў адносінах Андрэевай, а тым больш суд, не было.

Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар'я Чульцова — журналісткі тэлеканала «Белсат». Дзяўчатам прысудзілі па два гады калоніі за стрым з акцыі развітання з Раманам Бандарэнкам у лістападзе 2020 года ў Мінску. 

Калі вы маеце інфармацыю, дзе цяпер Каця Андрэева, пішыце ў наш чат-бот @nasa_niva_bot

Nashaniva.com