Паглядзіце, як дзеткі з Тэхаса чытаюць верш Андрэя Скурко, напісаны ў турме ВІДЭА
Калі вашы дзеткі таксама ведаюць творы Скурко, здыміце гэта на відэа і апублікуйце ў інтэрнэце, калі ласка.
19.02.2022 / 20:10
Гэтыя хлопчыкі, Стась і Кастусь, жывуць у беларускай сям'і ў Тэхасе, ЗША. Яны расказваюць верш Андрэя Скурко, напісаны ў турме.
Калі вашы дзеткі таксама вывучылі вершы Скурко, здыміце гэта на відэа і апублікуйце ў інтэрнэце, калі ласка.
Нагадаем, што кожную сераду ютуб-канал «Бэйбус» публікуе два Андрэевы вершы з цудоўнай анімацыяй.
На мінулым тыдні вершы чыталі народныя артысты Беларусі Зоя Белахвосцік і Аляксандр Падабед.
«Андрэй моцна дзякуе артыстам і ўсім цудоўным людзям, хто спрычыніўся да з'яўлення аўдыякніжкі. Гэта сапраўды цуд нашых часоў: аўтар за сценамі Валадаркі, а героі ягоныя прабраліся на волю і жывуць шчаслівым жыццём (сённяшнія вясёлыя героі — гэта добры воўк, маленькі барсучок, кот і мышкі-харысты)», — напісала ў Facebook Паўліна Скурко, жонка Андрэя.
«Нашы нягоды часовыя, а мастацтва вечнае», — перакананая Паўліна.
Чытайце таксама: Дзесяць катоў. Андрэй Скурко ў турме напісаў верш, на якім можна вучыць дзяцей лічыць
Андрэй Скурко — палітвязень, выбітны аўтар і рэдактар. Па надуманым абвінавачванні ён і галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, як і дзясяткі іншых незалежных журналістаў, знаходзяцца за кратамі. Вершы, што Андрэй Скурко ў лістах дасылае свайму сыну Тамашыку, сталі сапраўднай падзеяй беларускай дзіцячай літаратуры.
Суд над галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам і Андрэем Скурко пачнецца з 28 лютага ў судзе Заводскага раёна Мінска. Пачатак у 14:30, судовая зала 32.
Праваабаронцы прызналі Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко палітзняволенымі, абвінавачванні супраць іх лічаць палітычна матываванымі. Іх вызвалення запатрабавала Беларуская асацыяцыя журналістаў і міжнародныя журналісцкія саюзы.