Вярхоўная Рада зацвердзіла ўвядзенне надзвычайнага становішча ва Украіне з 24 лютага

Надзвычайнае становішча ўводзіцца на 30 дзён, пачынае дзейнічаць з 0.00 24 лютага. За гэта прагаласавалі 335 дэпутатаў Вярхоўнай Рады, паведамляе Радыё Свабода.

23.02.2022 / 23:29

Фота: prk.city

Цяпер рэжым надзвычайнага становішча будзе дзейнічаць ва ўсёй краіне. У Луганскай і Данецкай абласцях яно не ўводзілася, але толькі таму, што фактычна яно там і так дзейнічае ўжо 8 гадоў.

Перад гэтым дэпутаты ўхвалілі пастанову аб бесперапыннай працы парламента ва ўмовах надзвычайнага становішча і змены ў дзяржаўны бюджэт — дадаткова выдаткаваўшы 23 мільярды грыўняў (больш як 800 мільёнаў даляраў) на абарону.

На перыяд надзвычайнага становішча ўводзіцца асаблівы рэжым уезду ва Украіну і выезду з яе, абмяжоўваецца рух грамадзян і транспартных сродкаў, забараняюцца масавыя акцыі і страйкі.

Не выключаецца таксама часовая або незваротная эвакуацыя людзей з небяспечных для жыцця месцаў з абавязковым наданнем ім стацыянарных або часовых жылых памяшканняў.

Пры патрэбе можа дадаткова ўводзіцца каменданцкая гадзіна і праверка дакументаў у грамадзян, а таксама дазвол на надгляд рэчаў, транспартных сродкаў, багажу, грузаў, службовых памяшканняў і жытла грамадзян. Але мабілізацыя пры надзвычайным становішчы не праводзіцца.

Тым часам украінцы пры пагрозе новай агрэсіі зноў пачалі актыўна ахвяраваць грошы на армію. Дабрачынны фонд «Вярніся жывым» паведаміў, што за адзін дзень грамадзяне Украіны пералічылі на патрэбы вайскоўцаў больш за 20,5 мільёнаў грыўняў (больш як 700 тысяч даляраў).

Чытайце таксама: 

Украіна ўвяла спецыяльныя абмежаванні на мяжы з Беларуссю і Расіяй

Зяленскі адказаў на ўльтыматум Пуціна

Nashaniva.com