Святлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе паўнамоцтвы прадстаўніка беларускага народа

Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і заявіла, што стварае орган улады — пераходны кабінет.

24.02.2022 / 15:50

«Сёння зранку Расія напала на Украіну, парушаючы фундамэнтальныя прынцыпы міжнароднага права, — заявіла Ціханоўская. — У гэтым вераломным акце агрэсіі была задзейнічаная беларуская тэрыторыя і Узброеныя сілы Беларусі.

Лукашэнка і яго рэжым цалкам падзяляюць з прэзідэнтам Расіі адказнасць за гэтую вайну. Нелегітымны кіраўнік Беларусі увёў замежныя войскі і зрабіў нашу краіну непасрэдным удзельнікам канфлікту. Гэта дзяржаўная здрада і здрада інтарэсам нашага народа і беларускай дзяржавы.

Такім чынам Лукашэнка не можа лічыцца гарантам незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі.

Я, Святлана Ціханоўская, на аснове паўнамоцтваў, дадзеных мне беларускім народам у выніку прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, бяру на сябе адказнасць з сённяшняга дня адстойваць незалежнасць і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь.

Я буду выконваць абавязкі прадстаўніка беларускага народа і гаранта яго правоў і свабод да новых выбараў.

Я ствараю пераходны кабінэт як нацыянальны орган улады Рэспублікі Беларусь. Жыве Беларусь».

Nashaniva.com