«Сітуацыя на мяжы панікі». Бізнэс у трансе, бо ні з Расіяй, ні з Еўропай працаваць становіцца немагчыма

Санкцыі, якія ўвялі з пачатку вайны, ужо адбіліся на прадпрымальніках і кампаніях. «Банк, з якім працуем з расійскага боку, не гарантуе захаванасць пераведзеных грашовых сродкаў», — дзеліцца адзін з суразмоўцаў. «Усе кампаніі, з якімі працую, прыпыняюць супрацоўніцтва», — кажа іншы. Самі работнікі праз псіхалагічны стан непрацаздольныя. Вось якую карціну мы маем на сёння.

02.03.2022 / 13:15

«Усе кампаніі, з якімі працую, прыпыняюць супрацоўніцтва»

«Сітуацыя на мяжы панікі», — так апісвае абстаноўку адзін з нашых суразмоўцаў. Ён індывідуальны прадпрымальнік, навучае супрацоўнікаў кампаній англійскай мове.

«Усе кампаніі, з якімі я працую, прыпыняюць супрацоўніцтва, і тлумачаць гэта тым, што на заробкі ў сакавіку не хопіць. Тыя, хто працуе па дамовах у валюце, аказаліся «каля ізаляцыі», і прыток фінансаў вычэрпваецца.

Тыя ж, хто працуе з беларускім рынкам, проста ў трансе, паколькі па старых дамовах складана падняць цану, а курс і стаўкі па крэдытах для юрасоб іх проста знішчаюць. Асабліва цяжка праз тое, што зусім нядаўна ўсе падымалі цэны праз змены ў Падатковым кодэксе.

Я не кажу пра тое, што многія работнікі банальна недзеяздольныя, паколькі ў жаху ад сітуацыі ва Украіне, у многіх там сваякі, усе перажываюць з-за магчымай мабілізацыі», — дзеліцца мужчына.

Са жніўня многія яго заняткі былі пераведзеныя ў анлайн. Частка кампаній за мяжой, і незразумела, як цяпер весці з імі разлікі.

«Спыніў продажы ў опт і розніцу»

У іншага нашага суразмоўцы мікрапрадпрыемства па продажы інструментаў. Тавары ён закупляе ў Германіі. Адгрузкі пакуль ідуць, але продажы ў опт і розніцу прадпрымальнік часова спыніў — праз рост курсаў валют.

«Рахункі новыя не выстаўляем, заказы праз інтэрнэт-краму таксама не прымаем. Многія ўжо, канечне, пераацанілі тавар, але курс еўра не адпавядае рэчаіснасці, стрымліваецца», — мяркуе мужчына.

Па яго падліках, цану на інструменты цяпер трэба павышаць на 50%, калі не больш. Ён расказвае пра тое, як працуюць у гэтых умовах некаторыя яго калегі.

«Раней рахунак-фактура выстаўлялася з тэрмінам дзеяння два-тры працоўныя дні. Цяпер некаторыя фірмы выстаўляюць яго з 11 да 14 гадзін, пакуль ідуць таргі на біржы.

Адгрузкі толькі па перадаплаце. Хтосьці спыняе дастаўку тавараў пасля 4 сакавіка», — кажа мужчына.

«Кліент пачаў панікаваць у пятніцу»

Аляксандр — айцішнік, працуе як ІП на амерыканскі стартап.

«Кліент пачаў панікаваць у пятніцу, што не зможа мне плаціць. Вырашыў адкрыць ІП і рахунак у банку ў Грузіі аддалена. Аплаціў паслугі юрыдычнай фірмы, аправіў даверанасці. Пасля гэтага ўбачыў, што з панядзелка два галоўныя банкі ТБС і «Банк Грузіі» не адкрываюць рахункі кліентам з Беларусі і Расіі. У фірме потым гэта пацвердзілі», — расказвае мужчына.

Іншых варыянтаў ён пакуль не ведае — занадта мала часу прайшло, каб пралічыць. У іншыя часы «запасным аэрадромам» была б Украіна з яе сэрвісам дзяржаўных паслуг «Дія», але цяпер гэта немагчыма.

«Магчыма, варыянтам будзе Польшча, але ў мяне няма візы, не ведаю, як яе цяпер рабіць. Тэарэтычна, выйсце — гэта крыптавалюта stablecoin, але ясна, што не кожны кліент захоча так плаціць і разбірацца ў гэтым», — разважае Аляксандр.

Мужчына дадае, што цалкам разумее ўвод санкцый, каб скончыць вайну.

«Шмат разоў быў ва Украіне, ніколі не бачыў нацыяналістаў. У мяне рэпетытар з Чарнігава, іх бамбяць «Градамі». У нядзелю адпісвалася, што арганізм адключыўся, заснула і праспала дзве сірэны».

«Усе сцэнарыі кепскія ці вельмі кепскія»

У Юрыя два праекты, звязаныя з вытворчасцю і будаўніцтвам новага завода. Абодва з прыцягненнем замежных грошай — з Расіі і ЕС. У выніку санкцый, кажа мужчына, рэалізоўваць іх немагчыма.

«Мы закрываем адзін праект (па пабудове завода), і скарачаем да мінімальнай актыўнасці другі.

Плацяжы па «Сбербанку» не праходзяць у прынцыпе, цэны на тавары пастаўшчыкі пачалі перапісваць ужо ў панядзелак, і мы не ведаем і не ўяўляем сабе эканамічныя разлікі па выгаднасці дзейнасці праекта ў будучым. Усе сцэнарыі кепскія ці вельмі кепскія», — шчыра кажа мужчына.

Па працы з ЕС надзеі ўжо няма. Што да праекта з Расіяй, магчыма, там удасца знайсці новыя схемы працы.

«Праблема, што цяпер наш банк, з якім працуем з расійскага боку, кажа, што не гарантуе захаванасць пераведзеных грашовых сродкаў. Плацёж яны адправяць, але што ён да нас дойдзе, няма гарантыі. Падвешваць грошы на нейкіх рахунках-карэспандэнтах мы не можам. Цяпер прапрацоўваем схему па «Альфа Банку» ці нечым іншым».

Будаўнічыя аддзелачныя матэрыялы Юрыю пастаўлялі з Расіі і ЕС. Цэны на іх ужо выраслі на 50%.

«Стаўкі па перавозках моцна падняліся»

Водгук прыляцеў ад кампаніі, якая займаецца аптовымі продажамі тавараў аўтамабільнай тэматыкі. Імпартуюць іх з Расіі і пастаўляюць у невялікія рознічныя беларускія крамы. 

«З 20 пастаўшчыкоў умоўна толькі два могуць адгрузіць тавары, але цэны называюць тыя, якія дзейнічаюць толькі сёння. Астатнія прыпынілі адгрузкі», — кажа Марыя.

Кампанія таксама займаецца грузаперавозкамі па Беларусі, мае некалькі аўто.

«Ніхто не ведае, як працаваць. Па перавозках асноўны сайт для пошуку грузаў і машын — украінскі, ён цяпер заблакаваны. Працуем па нашай базе. Стаўкі па перавозках моцна падняліся. Калі тыдзень таму па маршруце Мінск-Магілёў 1,8 тоны мы везлі ўмоўна за 150 рублёў, то цяпер такі ж груз вязём за 250. І ніхто не гандлюецца па стаўкаўх», — дзеліцца жанчына.

Іх грузавыя машыны стаяць на ўліку ў ваенкамаце. У выпадку вайны іх могуць забраць.

Чытайце яшчэ: 

«Да 80% усёй беларускай ІТ-галіны знікне». Тысячы праграмістаў з сем'ямі бягуць з Беларусі проста ў гэтыя хвіліны

Меліціна Станюта: Учора я атрымала дзве адмовы ў працы праз мой беларускі пашпарт. Але гэта ўжо не мае значэння

Nashaniva.com