Расійскі тэлеканал «Дождь» прыпыняе працу

Расійскі тэлеканал «Дождь» прыпыняе працу. Пра гэта паведаміла гендырэктарка тэлеканала Наталля Сіндзеева.

03.03.2022 / 17:46

Фота: Reuters.com

Паводле яе слоў, ва ўмовах будучага прыняцця закона аб пакаранні за «фэйкі» аб дзеяннях расійскіх ваенных праца «Дождя» будзе практычна немагчымая.

«Нам патрэбныя сілы і час, каб выдыхнуць, каб зразумець, як працаваць далей», — сказала Сіндзеева ў эфіры тэлеканала.

«Мы вельмі спадзяемся, што мы вернемся ў эфір і працягнем працу», — адзначыла гендырэктарка.

1 сакавіка Генпракуратура Расіі запатрабавала заблакаваць сайт «Дождя» за распаўсюджванне нібыта недакладных звестак аб расійскай «спецаперацыі» ва Украіне.

Сёння, 3 сакавіка, большасцю галасоў Савета дырэктараў было прынятае рашэнне аб ліквідацыі радыёканала і сайта «Рэха Масквы», якая ўваходзіць у холдынг «Газпром-медыя».

Nashaniva.com