«Украіна — гэта ваш Афганістан». Падчас вайны ва Украіне забілі першага расійскага генерала
Дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка паведаміў аб знішчэнні на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці «першага расійскага генерала-акупанта» з часу маштабнага ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага.
04.03.2022 / 13:14
«Спадары генералы, дакладвайце наверх, што ўварванне ва Украіну — гэта крывавая авантура, якая загубіць Расію, калі яе не спыніць неадкладна! Украіна — гэта ваш Афганістан. Толькі дзесяць гадоў да развалу Расіі чакаць не давядзецца! Укладземся за месяц! — напісаў у Фэйсбуку Антон Герашчанка.
Пра тое, што намеснік камандуючага 41-й агульнавайсковай арміяй Цэнтральнай вайсковай акругі Расіі генерал-маёр Андрэй Сухавецкі быў забіты падчас вайны з Украінай, паведамляў у Telegram, не назваўшы крыніцы, ваенны карэспандэнт расійскай «Комсомольской правды» Аляксандр Коц.
47-гадовы Сухавецкі быў прызначаны намеснікам камандуючага арміяй увосень 2021 года. Да гэтага ён тры гады камандаваў 7-й дэсантна-штурмавой дывізіяй у Наварасійску. Скончыў Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную камандную вучэльню, Вайсковую акадэмію імя Фрунзэ і Акадэмію Генеральнага штаба.
Удзельнічаў у баявых дзеяннях на Паўночным Каўказе, у Абхазіі, Сірыі, быў узнагароджаны за ўдзел у анексіі Расіяй Крыма, паведамляе «Свабода».