ГУБАЗіК паведаміў пра затрыманне жыхароў Светлагорска за дыверсію на чыгунцы
Гомельскі ГУБАЗіК паведаміў пра затрыманне трох жыхароў Светлагорска ва ўзросце ад 29 да 50 гадоў, якія нібыта спалілі абсталяванне на чыгуначным перагоне Астанкавічы — Жэрдзь.
04.03.2022 / 19:26
Паводле версіі міліцыі, дзеяннямі гэтых людзей кіраваў BYPOL, а рабілі яны ўсё «за грашовую ўзнагароду». 29-гадовы падазраваны разам з двума сваімі знаёмымі ўвечары 28 лютага адправіўся на чыгуначны перагон за горадам. Адзін чакаў у машыне воддаль, а двое выконвалі заданне: аблілі гаручай вадкасцю рэлейную шафу сігнальнай устаноўкі і падпалілі.
Падчас ператрусаў па месцах жыхарства і ў гаражах затрыманых нібыта знайшлі «доказы іх злачыннай дзейнасці: гаручыя вадкасці, балаклавы і маскхалаты, халодная зброя і інструменты для ўзлому».
Цяпер затрыманыя абвінавачваюцца ў тэрарызме.
Нагадаем, што 1 сакавіка ў 23:08 на перагоне Астанкавічы — Жэрдзь гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі была спаленая рэлейная шафа сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), і ў выніку святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку апынуліся ў непрацоўным стане.