МЗС Кітая: сітуацыя ва Украіне дайшла да такога стану, якога не хоча бачыць кітайскі бок
Кітай заклікае Расію і Украіну да прамых перамоваў. Пра гэта ў тэлефоннай размове з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам заявіў член Дзяржсавета, міністр замежных спраў Кітая Ван І.
05.03.2022 / 19:01
Бакі абмяняліся меркаваннямі па ўкраінскім пытанні. Ван І заявіў, што сітуацыя ва Украіне дайшла да такога стану, якога не хоча бачыць кітайскі бок, паведамляе REFORM.by са спасылкай на МЗС Кітая.
«Украінскае пытанне складанае і заблытанае, яно звязанае не толькі з базавымі нормамі міжнародных адносін, але і з інтарэсамі бяспекі ўсіх бакоў, неабходна засяродзіць увагу не толькі на вырашэнні цяперашняга крызісу, але і на доўгатэрміновы мір і стабільнасць у рэгіёне», ‒ адзначыў Ван І.
Кітай заклікае паважаць і абараняць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць усіх краін, а таксама настойвае на мірным урэгуляванні спрэчак праз дыялог.
«Мы таксама заклікаем ЗША, НАТА, Еўрапейскі саюз і Расію весці раўнапраўны дыялог, супрацьстаяць супярэчнасцям і праблемам, якія назапасіліся за гэтыя гады, звярнуць увагу на негатыўны ўплыў працяглага пашырэння НАТА на ўсход на бяспеку Расіі і імкнуцца да стварэння збалансаванага, эфектыўнага і ўстойлівага асяроддзя бяспекі ў адпаведнасці з прынцыпам непадзельнасці бяспекі», ‒ сказаў кіраўнік МЗС Кітая ў размове з калегам з ЗША.
Кітай зараз займае нейтральную пазіцыю, але вайна ва Украіне непазбежна закране эканамічныя інтарэсы Кітая ў Еўропе.