Пенсіянерку Алену Гнаўк перавялі на «Валадарку». Ёй пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі

64-гадовай актывістцы з Пружанаў Алене Гнаўк выставілі абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Жанчыне пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

06.03.2022 / 00:07

Згодна з матэрыяламі справы Гнаўк 23 лістапада 2021 года размясціла ў сацыяльных сетках Facebook і Instagram «загадзя ілжывыя звесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам». У пастах Алена распавядала пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.

Раней, паводле двух іншых артыкулаў, спадарыню Алену асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі».

Днямі Гнаўк перавялі з баранавіцкага СІЗА-6 у СІЗА-1.

Падтрымаць Алену Гнаўк можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Алена Пятроўна Гнаўк. 

Nashaniva.com