Вікторыя Нуланд: «Паўночны паток — 2» мёртвы

Намесніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд у камітэце Сената ЗША па міжнародных адносінах назвала расійскі газаправод «Паўночны паток — 2» «кавалкам металу, які спачывае на марскім дне», піша Бі-Бі-Сі.

09.03.2022 / 03:13

Фота: gazeta.ru

«Я думаю, «Паўночны паток — 2» цяпер мёртвы, — заявіла Нуланд. — Не думаю, што яго нехта калі-небудзь уваскрасіць».

Ранейшы ўрад Германіі шмат гадоў адказваў адмовай на заклікі Украіны, усходнееўрапейскіх краін, ЗША і многіх еўрапейскіх палітыкаў спыніць гэты праект коштам у 11 млрд даляраў.

Новы ўрад Олафа Шольца спачатку прыпыніў сертыфікацыю газаправода, а затым, калі Расія напала на Украіну, заявіў, што сертыфікацыі і не будзе.

«Мы з партнёрамі і саюзнікамі працуем над тым, каб мінімізаваць удар па глабальных пастаўках энергіі і не даць Расіі ператварыць свой экспарт энерганосьбітаў у зброю», — сказала ў аўторак Нуланд.

Нуланд выказалася і адносна прапановы Польшчы перадаць свае знішчальнікі «МіГ-29» амерыканскім сілам на базе НАТА ў нямецкім Рамштайне ў адказ на просьбу Украіны паслаць ёй самалёты.

«Наколькі я ведаю, з намі гэта не было ўзгоднена», — сказала яна.

Ананімны прадстаўнік НАТА сказаў агенцтву «Рэйтэрс», што вылет баявых самалётаў з базы НАТА для аперацый ва ўкраінскай паветранай прасторы «можа прынесці сур'ёзныя праблемы ўсім краінам альянса».

Nashaniva.com