Хто гэты палкоўнік, што мямліць на расійскім ТБ? Гэта ж Еранасян: фрык, «пісьменнік», чарнасоценец і прамоўтар мінскага казіно
У сеціве вірусіцца відэа з расійскага прапагандысцкага тэлеканала «Звезда»: нейкі вайсковец у форме спрабуе ўшанаваць памяць забітых ва Украіне салдат хвілінай маўчання, але яго рэзка асаджвае мясцовая версія Азаронка. Вядучы з крыкамі «Гэта трыумф рускай зброі!» затыкае рот чалавеку ў форме. Чаму вайсковец паводзіць сябе так няўпэўнена? Магчыма таму, што гэта Уладзімір Еранасян, чалавек шматлікіх талентаў: гулец у КВЗ, спявак пад псеўданімам Frontman, аўтар «крымінальных містэрый» і кніжак пра Данбас… Карацей, хто заўгодна, але не баявы афіцэр. Не чужы гэты тэлеперсанаж і для нашай зямелькі. У Беларусі ён ажаніўся, здымаў трэшавыя кліпы і прасоўваў казіно.
09.03.2022 / 19:46
Уладзімір Еранасян нарадзіўся ў расійскім Батайску, адвучыўся ў Львоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні на факультэце журналістыкі. Пасля працаваў карэспандэнтам флоцкай газеты, у 1990-х гуляў у КВЗ у камандзе «Эскадрон гусар», нейкі час выкладаў журналістыку ў Вайсковым універсітэце расійскага Мінабароны. У выніку нават атрымаў званне палкоўніка.
Але ж, «бедная ваенная плата і творчыя амбіцыі падштурхнулі Уладзіміра Еранасяна да пісьменніцкай працы і працы шоўмена», піша пра яго нейкі аналаг вікіпедыі (аўтар невядомы, але ёсць падазрэнні).
Еранасян напісаў некалькі кніжак, некаторыя авантурна-крымінальныя (як «крымінальная містэрыя «Хросная маці»), некаторыя ўхваляюць дзеянні рускага свету на Данбасе («Каларады»). Некаторыя шэдэўры выходзілі пад псеўданімам «Уладзімір Вера».
Калі ў Расіі забаранілі казіно, Еранасян перабраўся ў Мінск, дзе ажаніўся на беларускай дзяўчыне. Ён стаў прасоўваць мінскія казіно, казаў, што Мінск стане новым Лас-Вегасам.
Таксама наш герой заспяваў пад псеўданімам Frontman.
Паціху ад размахвання далярамі і напісання «гламурных баявікоў» Еранасян перайшоў да хвалявання за Расію. Пачаў пісаць кніжкі пра супрацьстаянне Расіі і Захада, выказвацца пра палітыку, ганіць незалежную Украіну. Апошняе асабліва здзіўляе, улічваючы, што Еранасян вучыўся ў Львове і першая яго жонка была ўкраінкай. Дарэчы, мінскую прэзентацыю адной з яго кніжак атрымалася адмяніць.
Праўда, трэш-кліпы здымаць Еранасян не кінуў. Але таксама змяніў фармат — цяпер у яго відэа высмейваюць неграў і пагражаюць Захаду:
Цяпер, як бачым, Еранасян не толькі пераабуўся, але і пераапрануўся: начапіўшы форму, выступае ў расійскіх ток-шоў. Пакуль што трымае ўзровень — вайсковец з Еранасяна такі ж, як і спявак.