Пад Лунінцам, імаверна, упаў расійскі самалёт

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» паведаміў, што сёння ў раёне 21:00 жыхары Лунінца чулі моцны выбух і бачылі яркую ўспышку. Паводле папярэдняй інфармацыі, у раёне паселішча Кажан-Гарадок упаў самалёт. Што кажуць мясцовыя?

10.03.2022 / 23:41

Па словах жыхароў Кажан-Гарадка, выбух меў месца каля 21.30.

«Міліцыянеры былі, і машыны пажарныя, недзе на полі ўпала. Не ведаю, што там», — кажа мясцовая жыхарка, пенсіянерка.

Іншая жанчына таксама кажа, што ўпала нешта на полі.

«Не ведаю, што гэта было. Тут і карціны са сцен пападалі. Суседзі кажуць, чулі выбух, а я чула хлапок. Не ведаю, што там цяпер, Я сама не бачыла — поле ад нас не відна, поле за лесам. Чутно, што верталёт кружляе. На месца паехала адна пажарная і дзве хуткія», — дзеліцца жыхарка.

Іншы суразмоўца «Нашай Нівы» родам з Лунінецкага раёна мае інфармацыю, што ўпаў расійскі самалёт, які быў падбіты ўкраінцамі і спрабаваў дацягнуць да лунінецкага аэрадрома.

Па яго звестках, пілоты катапультаваліся і засталіся жывыя, іх знайшлі.

Nashaniva.com