Шырокая грашовая маса ў Беларусі за студзень‑ліпень павялічылася на 10,8%
А вось аб’ём наяўных грошай у абарачэнні за 7 месяцаў зменшыўся на 7,4 працэнта да Br3552,8 млрд.
14.08.2009 / 15:54
Шырокая грашовая маса (ШГМ) у Беларусі павялічылася за студзень — ліпень 2009 года на 10,8 працэнта і склала Br34,3 трлн., паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка. У ліпені яна ўзрасла на 3,4 працэнта.
Аб’ём наяўных грошай у абарачэнні за 7 месяцаў зменшыўся на 7,4 працэнта да Br3552,8 млрд. У структуры ШГМ на долю гэтага паказчыка прыпадае 10,4 працэнта.
Пераводныя дэпазіты прадпрыемстваў і насельніцтва ў беларускіх рублях на 1 жніўня бягучага года дасягнулі Br5584,2 млрд. (скарачэнне на 18,9 працэнта). Іншыя дэпазіты фізічных і юрыдычных асоб у нацыянальнай валюце склалі Br7572,6 млрд., што на 16,9 працэнта менш, чым на пачатак 2009 года.
Аб’ём укладанняў у беларускіх рублях у каштоўныя паперы, выпушчаныя банкамі, узрос за студзень‑ліпень на 26,8 працэнта да Br962,9 млрд.
Памер дэпазітаў у замежнай валюце ў складзе шырокай грашовай масы склаў да 1 жніўня Br16028,2 млрд. У параўнанні з пачаткам 2009 года ён узрос на 57,1 працэнта.
Аб’ём выпушчаных банкамі каштоўных папер у замежнай валюце павялічыўся за студзень‑ліпень амаль у 3 разы і дасягнуў Br605,4 млрд.