Пачалі судзіць экс-пракурора Яўгена Бабака: той іранізуе, што прыйшлося б ваяваць, таму лепш пакуль пасядзець
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся суд над палітвязнем, былым памочнікам пракурора Першамайскага раёна сталіцы Яўгенам Бабаком. Ён абвінавачваецца па ч. 1 арт. 342 (групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці).
11.03.2022 / 19:20
Суддзя — Валянціна Зенькевіч. Абвінаваўца на судзе — сумнавядомая Аліна Касьянчык.
Касьянчык заявіла хадайніцтва зрабіць пасяджэнне закрытым, бо ў матэрыялах справы маецца інфармацыя з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.
Перад закрыццём працэсу Яўген паспеў пацікавіцца курсам рубля і паіранізаваць, што незадоўга да затрымання планаваў пераехаць у Кіеў. Таму цяпер лічыць, што пакуль можна і пасядзець, бо іначай давялося б ваяваць.
Чытайце таксама: Яўген Бабак: На цуд не спадзявайцеся, мне яшчэ сядзець доўга
Бабак стаў вядомы тым, што ў жніўні 2020-га ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збілі байкераў ва Уруччы ноччу 11 жніўня. Праверцы, аднак, не далі ход, а самога Бабака прымусілі звольніцца.
10 чэрвеня 2021 года кватэру Бабака разграмілі, а яго арыштавалі. Спачатку на суткі, а потым і па крымінальным артыкуле.
Яўген перадае прывітанне ўсім, хто яго падтрымлівае, кажа, што ў яго ўсяго хапае, а калі ёсць жаданне ахвяраваць яму, то лепш накіраваць гэтыя сродкі на дапамогу дзецям з праграмы UNIHELP. Рэкламу з просьбай падтрымкі ад сем'яў ён часта бачыць па тэлевізары ў камеры.