«Расізм, ідыятызм і гебельшчына». Вучоны разбірае хлусню расійскай прапаганды пра біялагічную зброю

Расія сцвярджае, што ўкраінцы распрацоўвалі біялагічную зброю, якая будзе знішчаць славян. Гэта ўвогуле магчыма? І якія доказы? Спыталі ў навукоўца: ён сумна смяецца і называе гэта распальваннем нацыянальнай і расавай варожасці.

12.03.2022 / 20:28

Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава. Фота: прэс-служба МЗС Расіі

Градус абсурду ў паведамленнях расійскіх вайскоўцаў і журналістаў зашкальвае. Пасля двух тыдняў вайны яны прыдумалі, што ва ўкраінскіх лабараторыях нібыта займаліся стварэннем біялагічнай зброі пад кіраўніцтвам амерыканцаў. 

«Наша Ніва» пагаварыла пра гэтыя заявы з біёлагам і імунолагам Антонам Шолухам. Ураджэнец Беларусі, сёння ён працуе ў Цэнтры даследавання раку Фрэда Хатчынсана ў Сіэтле, займаецца вывучэннем інфекцыйных захворванняў.

Антон Шолух

«Наша Ніва»: Расійскае ТАСС: «Мінабароны РФ атрымала звесткі аб праекце ЗША ў лабараторыях ва Украіне па вывучэнні распаўсюджвання небяспечных інфекцый мігруючымі птушкамі».

Што гэта значыць? Што гэта даказвае?

Антон Шолух: З біялагічнай зброяй гэта ніяк не звязана. Я вельмі ўважліва чытаў усе гэтыя заявы расійскага ваеннага камандавання. І гэта ўсё, мякка кажучы, перакручванне фактаў. 

Вывучэнне вірусаў, якія распаўсюджваюцца жывёламі і птушкамі, — практыка абсалютна стандартная. Бо жывёльны свет — асноўная крыніца новых вірусаў, якія могуць быць небяспечнымі для чалавека. Перанос вірусаў з жывёл на чалавека — гэта распаўсюджаная з’ява. Толькі на нашым веку гэта адбывалася ўжо чатыры разы, калі не лічыць грып, і нармальная практыка — вывучаць гэта. Тое, што Мінабароны Расіі атрымала інфармацыю пра гэта — і што? Паведамляецца, што праекты па вывучэнні вірусаў фінансаваліся ў рамках навуковых праектаў. Гэта таксама звычайная практыка: вучоныя любой краіны могуць падавацца на адкрытыя гранты замежных краін. 

І такія ж лабараторыі існуюць у Расіі, іх там шмат. У адной толькі Маскве некалькі інстытутаў. У Пецярбургу ёсць, Навасібірску — вывучэнне вірусаў, нават небяспечных ці асабліва небяспечных, гэта стандартная навуковая практыка.

Нават у Мінску ў Інстытуце мікрабіялогіі Мінздароўя заўсёды быў, напэўна, і цяпер ёсць, аддзел, які вывучае асабліва небяспечныя інфекцыі. І там працавалі з вірусам Эболы, воспы. Яны мелі боксы з класам бяспекі 4 — гэта найвышэйшы ўзровень для смяротна небяспечных інфекцый. І ўсё гэта, ведаеце, дзе знаходзілася? На плошчы Мяснікова, у самым цэнтры Мінска. Цяпер яны адтуль з’ехалі, але раней спакойна працавалі з небяспечнымі вірусамі ў цэнтры сталіцы. І ў гэтым няма крамолы, прывязваць такія даследаванні да біялагічнай зброі — гэта поўны ідыятызм.

«НН»: Далей ТАСС: «Праект ЗША па пераносе інфекцый міграцыямі птушак — адзін з самых безразважных, ён не дае кантраляваць далейшае развіццё сітуацыі». Гэта што за праект такі?

АШ: (доўга смяецца) Упэўнены, што няма такога праекта. ЗША, як і іншыя краіны, адмовіліся ад распрацоўкі біялагічнай зброі шмат гадоў таму. Прычына вельмі простая — немагчыма кантраляваць такую зброю. Калі вы ствараеце вірус і запускаеце яго ў чалавечую папуляцыю, то кантраляваць распаўсюджванне віруса вы не зможаце. 

Паглядзіце на Кітай і кавід — нават з апошнімі драконаўскімі абмежаваннямі вірус усё роўна распаўсюджваецца, узнікаюць успышкі. Высоказаразны вірус утрымаць немагчыма, бактэрыі таксама.

Таму біялагічная і бактэрыялагічная зброя прызнаныя немагчымымі да прымянення. Гэта нават не ядзерная зброя — бо біялагічную немагчыма прымяніць кропкава. Яна накрые ўсіх. 

На гэты конт ёсць выдатнае фантастычнае апавяданне пад назвай «Абсалютная зброя». Там на нейкай планеце знаходзяць скрыню з «абсалютнай зброяй», запускаюць яе — і знішчаюць усю планету. Гэтак жа працуе і біялагічная ці бактэрыялагічная зброя. 

Магчыма, недзе ў асабліва сакрэтных лабараторыях даследаванні і вядуцца. Але лічыць, што амерыканцы — ідыёты, якія будуць фінансаваць падобныя працы ва Украіне і вывешваць звесткі на агульнадаступныя сайты… Гэта разбіваецца аб простую логіку.

«НН»: Расійскі Першы канал цытуе начальніка войскаў біялагічнай і хімабароны РФ Ігара Кірылава. «Сталі вядомыя падрабязнасці праекта UP-4, які рэалізоўваўся з удзелам лабараторый Кіева, Харкава і Адэсы і быў разлічаны на перыяд да 2020 года. Яго мэтай з'яўлялася вывучэнне магчымасці распаўсюджвання асабліва небяспечных інфекцый праз мігруючых птушак, у тым ліку высокапатагеннага грыпу H5N1, лятальнасць якога для людзей дасягае 50 адсоткаў, а таксама хваробы Ньюкасла.

У сувязі з тым, што Украіна мае унікальнае геаграфічнае становішча, дзе перасякаюцца транскантынентальныя шляхі міграцыі, у рамках гэтага праекта было вывучана 145 біялагічных відаў. Пры гэтым былі выяўленыя як мінімум два віды пералётных птушак, маршруты якіх праходзяць пераважна праз тэрыторыю Расіі. 

З высокай доляй верагоднасці можна казаць аб тым, што адной з задач ЗША і іх саюзнікаў з'яўляецца стварэнне агентаў, здольных выбарачна паражаць розныя этнічныя групы насельніцтва».

АШ: Тут нагадаю, што H5N1 — так званы «птушыны грып». Называецца так, бо з птушак перайшоў на чалавека. І лятальнасць у яго зусім не 50% — гэта важна, бо, як той казаў, д’ябал заўсёды ў дэталях. 

Тлумачу: хутчэй за ўсё, лятальнасць пры вялікай эпідэміі ў яго будзе вышэйшай за 1%, але наўрад ці такая ж, як у тых адзінкавых выпадках, якія назіраюцца цяпер. У цэлым, назіраем лятальнасць, якая вар'іруецца ад 10 да 100%. Але трэба разумець, што гэта часта адзінкавыя выпадкі. Гэта значыць, калі адзін заразіўся і памёр, то лятальнасць 100%. Апісаныя выпадкі заражэння ў некалькіх дзясяткаў чалавек, і ў іх варыяцыя смяротнасці ад 10% да 80%. H5N1 ад чалавека да чалавека не перадаецца, і ўсе сыходзяцца ў меркаванні, што калі ён атрымае такую здольнасць, то лятальнасць зменшыцца. Такі закон эвалюцыі. Пачатковая лятальнасць нават Эболы пры перадачы ад кажаноў да чалавека таксама дасягала 100%, а вось з цягам эпідэміі, калі яна ідзе ад чалавека да чалавека, лятальнасць зніжаецца да 25-30%.

А вывучэнне таго ж H5N1 патрэбнае, каб разумець, якія віды птушак больш заражаюцца, як далёка могуць перанесці. Гэта трэба, каб засцерагчы ад небяспекі гэтага віруса чалавецтва, а не для таго, каб вірус распаўсюдзіць. 

«НН»: Але якое дачыненне птушкі маюць да «выбарачнага паражэння розных этнічных груп насельніцтва»?

АШ: (зноў смяецца) Разумееце, залезці да вар’ятаў у галаву немагчыма. Гэта калі коратка і груба. Немагчыма зразумець, як яны зрабілі такія высновы. 

Ну і можна ж перакруціць любыя словы. Бо, магчыма, у тых праектах даследавалася абарона ад біялагічнай небяспекі. А людзі непрафесійныя не будуць жа калупацца ў дэталях, разбірацца, што там за праекты. Пачулі словы «біялагічная небяспека» — значыць, усё зразумела, там яе вырабляюць.

Магчыма, у іх такая логіка. Дакладней сказаць цяжка: яны там цяпер «павёрнутыя» на канспіралогіі. 

Фота: AP / Evgeniy Malaletka

«НН»: ТАСС: «Адной з задач ЗША і саюзнікаў з'яўляецца стварэнне агентаў, здольных выбарачна паражаць розныя этнічныя групы, у прыватнасці, славян»…

АШ: Гэта, па вялікім рахунку, расісцкая заява. Геномнымі даследаваннямі даказана, што генетычнай розніцы няма не тое, што паміж этнічнымі групамі, а нават паміж рознымі расамі. 

У цэлым успрымальнасць розных хвароб вар’іруецца паміж рознымі расамі. Расамі, не этнічнымі групамі. Але, па першае, гэта ў межах невялікай пагрэшнасці. Па-другое, гэта залежыць ад сацыяльна-эканамічных прычын (ладу жыцця, даступнасці медыцыны), а не ад колеру скуры.

Напрыклад, афраамерыканцы, выхадцы з Лацінскай Амерыкі на некаторыя хваробы хварэюць больш і ў іх больш высокая смяротнасць. Але гэта адбываецца не праз іх расу, а праз тое, што ў іх часцей большы працэнт людзей з атлусценнем, большы працэнт бедных, горшыя ўмовы працы і жыцця.

Таму заявы расійскай улады я расцэньваю як адкрыты нацыяналізм. І навуковай асновы пад іх словамі няма аніякай. 

«НН»: Адказ зразумелы, але трэба спытаць: ці можна стварыць біялагічную зброю, якая заб’е ўсіх рускіх, але не заб’е англасаксаў?

АШ: (смяецца) Гэта немагчыма. Калі яно заб’е рускіх, то заб’е ўсіх. 

Проста лухта. 

(Уздыхае). Гэта гебельшчына. У чыстым выглядзе. Але, як я разумею, народ хавае самыя неверагодныя версіі, бо гэта цяпер такі «энтэртэйнмент»…

Ладна, калі коратка: стварэнне такой зброі немагчымае. І словы пра яе — распальванне нацыянальнай і расавай варажнечы. І гэта сумна ўсё.

«НН»: ТАСС: «Аналіз матэрыялаў пацвярджае факт перадачы з біялабараторыі ў Харкаве за мяжу больш за 140 кантэйнераў з эктапаразітамі кажаноў». І што гэта даказвае?

АШ: Нічога не даказвае. Хіба тое, што ў іх быў праект па вывучэнні кажаноў. Бо кажаны — кландайк небяспечных вірусаў. Яны жывуць вялікімі калоніямі, у іх трохі інакш працуе імунная сістэма, і яны вірусы носяць у сабе, але ад іх не паміраюць. Для чалавека жа вірус становіцца небяспечным, калі пераходзіць.

Фота Depositphotos.com

Таму тых жа кажаноў актыўна вывучаюць, у іх знаходзяць усё новыя вірусы, якія патэнцыйна могуць заразіць чалавека, і трэба ведаць, як ад гэтых вірусаў абараняцца, рыхтавацца. А пасля кавіду гэтыя працы яшчэ больш актывізаваліся. Кажаноў ловяць і вывучаюць па ўсім свеце, у тым ліку збіраюць і вывучаюць іх паразітаў. Бо клешч, камар, якія пілі кроў кажана, могуць перанесці нешта на чалавека, банальна выпадковы кантакт чалавека з экскрэментамі кажаноў можа быць небяспечны.

А адпраўка эктапаразітаў за мяжу — значыць, што не маглі ў сваёй лабараторыі правесці патрэбныя аналізы. Украіна — вялікая краіна, але навука там не на заходнім узроўні.

«НН»: Далей, зноў ТАСС: «Праект P-781 ЗША, які распрацоўваўся ў лабараторыях Украіны, вывучаў кажаноў у якасці агентаў біялагічнай зброі». Што за праект такі?

АШ: Гэта не мае сэнсу, абсурд, як і з пералётнымі птушкамі. Заразіш хоць птушак, хоць кажаноў — яны заразяць усіх людзей. Падазраю, гэта быў звычайны праект па вывучэнні кажаноў, але ўсё перакруцілі і атрымалі «кажаноў — біялагічную зброю».

«НН»: Працягваем. «На руках у расійскіх вайскоўцаў цяпер як мінімум усё доказы таго, што ў НАТА займаюцца мэтанакіраваным зборам генетычных матэрыялаў на прасторы былога Савецкага Саюза», — цытуе «Першы канал» таго Кірылава, начальніка войскаў біялагічнай і хімабароны РФ. І дадае словы Пуціна: «Біялагічны матэрыял збіраецца па ўсёй краіне, прычым па розных этнасах і людзях, якія пражываюць у розных геаграфічных кропках Расійскай Федэрацыі. Вось пытанне: навошта гэта робяць? Робяць мэтанакіравана і прафесійна».

АШ: (смяецца) Так, галоўныя ворагі чалавецтва — гэта вучоныя. Ва ўсіх гэтых дыктатарышак спецыфічнае стаўленне да навукі — яны да яе ставяцца добра толькі тады, калі навука задавальняе іх патрэбы ў стварэнні зброі ці сродкаў падаўлення народа. А ў цэлым навукай яны грэбуюць.

Пра біялагічныя матэрыялы: плазма ці сыроватка крыві збіраюцца па ўсім свеце ўсімі краінамі і навукоўцамі, бо гэта галоўны матэрыял для даледаванняў па эпідэміялогіі, інфекцыйных захворваннях, імуналогіі, той жа праграмы вывучэння генома чалавека, якая вывучае этнасы ўсяго свету, у тым ліку і з Расіі. 

Няма тут ніякага крыміналу, гэта нармальная практыка. Цэнтр даследавання рака, дзе я працую, таксама збірае матэрыялы з усяго свету і рассылае свае па ўсім свеце. 

«НН»: А што там з Нуланд? (Вікторыя Нуланд — намесніца Дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях. — НН). ТАСС: «Нуланд сваім выказваннем ускосна пацвердзіла ажыццяўленне Пентагонам ваенна-біялагічнай праграмы ва Украіне».

АШ: Ой, тут на «Фокс Ньюс» мясцовы Салаўёў пра гэта казаў.

У Сенаце ЗША Нуланд, адказваючы на прамое пытанне сенатара-рэспубліканца Марка Рубіа аб існаванні на тэрыторыі Украіны біялагічнай зброі, заявіла, што ва Украіне існуюць біялагічныя даследчыя лабараторыі. Тэарэтычна, так можна назваць і лабараторыі, якія займаліся біялагічнай зброяй, правільна? Але ж трэба разумець, што перад Сенатам адказваюць пад прысягай, таму, магчыма, Нуланд адмыслова адказвае так абцякальна. Але ж, ці з’яўляецца яе фраза нейкім прызнаннем распрацоўкі білягачнай зброі ва Украіне, хаця б ускосным? Не, не з’яўляецца. 

«НН»: ТАСС: «Аб'ём фінансавання ЗША праектаў па пераносе інфекцый птушкамі і лятучымі мышамі склаў $1,6 млн і $1,3 млн адпаведна». Гэта нейкія шалёныя грошы, за якія можа распрацаваць антыславянскі супервірус?

АШ: Праекты звычайна ідуць гады тры. І грошы, як правіла, дзеляцца на некалькі лабараторый, у тым ліку, і амерыканскія. У выніку, сума разбіваецца на часткі. Колькі з іх атрымалі Украінскія навукоўцы, мы не ведам. Нават калі палову: 800 тысяч на некалькі лабараторый, на два гады… Каб вы разумелі, за 300 тысяч даляраў можна купіць тры добрыя прыборы, трошкі рэагентаў і пакінуць па сто даляраў на зарплату вучоным. Па амерыканскіх мерках гэта невялікія грошы, прахадны, стандартны грант. У ЗША такіх штогод выдаюць сотні, калі не тысячы. І стварыць за такія грошы біялагічную зброю ў прынцыпе немагчыма.

«НН»: Першы канал: «Тое, што амерыканскія лабараторыі працуюць не толькі ва Украіне, але і ў Казахстане, Узбекістане, Азербайджане, Арменіі, Грузіі, Малдове, прама кажа аб тым, супраць якіх груп насельніцтва ствараюць біялагічную зброю». 

Раскажыце, як біёлаг, што гэта значыць. 

АШ: Я не ведаю, што гэта значыць. Такія ж лабараторыі працуюць у Мексіцы, Бразіліі, Канадзе, Аргенціне, Аўстраліі, Даніі— па ўсім свеце. І пра што гэта кажа? Ні пра што. Пра тое, што людзі працуюць, атрымліваюць гранты. У ЗША маюцца вялікія праграмы падтрымкі навукі ў краінах з пераходнай эканомікай, праграмы замежных грантаў. Каб Расія выдаткоўвала столькі ж грошай, як ЗША выдаткоўвае на ахову здароўя толькі ў Афрыцы, то можна было б пра нешта гаварыць. А так, гэтыя крыкі Расіі, што яе абклалі і акружылі, — проста не хочацца каментаваць. Мой шэф пабудаваў два вялікія цэнтры ў Афрыцы, я ведаю, што там робіцца і ў якім аб’ёме, колькі людзей там навучаюцца, колькім людзям дапамагаюць. Мноства маіх калег праводзяць гады ў Афрыцы, лекуючы людзей. У Беларусі і Расіі я такіх энтузіястаў нешта не асабліва сустракаў. 

ЗША — галоўны фінансіст міжнародных праграм. Але гэтым займаюцца і іншыя заходнія краіны. Праграмы падтрымкі навукі, падтрымкі вучоных, даследаванняў… І вынікі іх публікуюцца — так гэта працуе.

«НН»: Дык навошта гэтая дэзінфармацыя і хлусня пра «зброю супраць славян» льецца Расіяй на людзей? Бо бачна ж, які абсурд.

АШ: Поўны абсурд. Для таго і робіцца — апраўдаць свае дзеянні, вайну, агрэсію, зноў выставіць сябе прыніжанымі і абражанымі. Каб сцвярджаць: мы абараняемся! 

Расія хацела пераможную вайну — не выйшла. І не чакала, што ўвесь свет на Расію так наедзе. Таму цяпер, мяркую, расійскім вайскоўцам ці чыноўнікам трэба наверх неяк дасылаць рапарты, апраўдвацца. Вось убачылі нейкія біялагічныя праекты — зляпілі пра «біялагічную зброю», каб наверх адрапартаваць. Прынамсі так выглядае. Я сумняваюся, што там сядзяць нейкія моцныя стратэгі. Яны не дурныя людзі ў цэлым, але вось нейкія такія прабелы ў іх бываюць, што проста часам здзіўляешся. 

Але тапорная прапаганда працуе лепш за ўсё — згадайце 1930-я ў Германіі. 

«НН»: Трохі не пагаджуся, бо там хапала іншых фактараў. І Германія перажывала вялікі крызіс, і ў прынцыпе антысеміцкія настроі ў грамадстве былі моцныя…

АШ: А тут рускі нацыяналізм. Я шмат часу правёў у Маскве калісьці. І не хачу казаць пра ўсіх агулам і крыўдзіць, але ў іх гэта ёсць, і ў вялікай колькасці. На сабе адчуў, калі да ўкраінцаў ці беларусаў было стаўленне такое ж, якое яны дэманструюць цяпер. Што гэта не проста адзін народ, а «якія там беларусы, якая там у вас беларуская мова». І гэта казалі людзі з універсітэцкай адукацыяй, вучоныя. 

І антысемітызму хапала, агулам ён нікуды не падзеўся. Бо калі ты «правільны габрэй», як Салаўёў, яны цябе церпяць. А калі ты «няправільны габрэй», як Шэндэровіч, кажаш нешта насуперак, тады «жыд пархаты, валі ў Ізраіль».

У мяне была сітуацыя, калі мой знаёмы, з акадэмічнай сям’і, выдаў: «Ты бачыў, як Макарэвіч пражыдзіўся?». Гэта прамая цытата. Значыць, як я зразумеў, «жыдам прадаўся». Гэта было даўно, але гэта было. І, баюся, з таго часу асабліва нічога не змянілася. Бо паглядзіце на рыторыку расійскай дзяржавы. Ім не сорамна посціць відэа, дзе валанцёры ДНР і ЛНР кажуць: «Ды тут усё руская зямля, ачысцім яе ад гэтых гадаў!»

Гэта што, калі не нацысцкія лозунгі? Гэта тыповы нацызм. 

Чытайце таксама:

Расія ўдарыць па Украіне хімічнай зброяй? Усё можа быць нашмат прасцей і трагічней

Nashaniva.com