Як стаць лідарам? Урокі ад Уладзіміра Зяленскага

Калі ЗША прапанавалі Уладзіміру Зяленскаму эвакуацыю з Украіны, той адказаў: «Мне трэба ўзбраенні, а не эвакуацыя». Што ж за стрыжань у гэтым палітыку, што ім захапляюцца і ва Украіне, і ва ўсім свеце? 

14.03.2022 / 14:21

Фота: АР

«Мяне агаломшыў прыклад прэзідэнта Зяленскага. Я праглядзела кожную з яго прамоў. Ён прамалінейны, валодае спакойнай рашучасцю і непахісна сведчыць праўду. Я вывучаю лідарства і бясстрашнасць усё жыццё, і ніколі не бачыла нічога падобнага», — напісала доктар Эмі Рэдмандсан, прафесарка бізнэс-школы ў Гарвардзе.

Ёсць некалькі агульных рыс у Зяленскага і іншых вядомых лідараў — у таго ж Марціна Лютара Кінга ці Махатмы Гандзі. Усе гэтыя людзі атрымалі прызнанне ва ўсім свеце за сваю дзейнасць і натхнілі шмат людзей, піша Forbes.

Мужнасць

Першае, што аб’ядноўвае такіх асоб, — мужнасць. Гэтыя лідары ўзялі на сябе барацьбу, важную для большай часткі грамадства, якой у той жа час людзі не надта жадалі займацца.

Такія лідары змяняюць сталы парадак рэчаў і кіруюць з перадавой, часам нават тады (а можа, і менавіта тады), калі коштам можа стаць іх уласнае жыццё.

Зяленскаму далі магчымасць з’ехаць у бяспечнае месца, але ён вырашыў застацца ва Украіне і змагацца разам са сваім народам.

Шчырасць

Лідары, якімі мы захапляемся, дэманструюць сапраўдную шчырасць. Яны адкрыта расказваюць пра свае памылкі, хваляванні і мары.

Фота: AP

Магчыма, самы вядомы прыклад гэтага — знакамітая прамова Марціна Лютара Кінга «У мяне ёсць мара». Яна закранае рэчы, важныя для кожнага, і натхняе людзей на дзеянні. Сапраўдныя лідары не хаваюцца за няпраўдамі, яны вядуць сябе шчыра, нягледзячы на наступствы.

Простая мова

Яшчэ адна важная характарыстыка — простая мова. Звароты Зяленскага простыя, прамыя, паважныя і эмацыйныя. Яны выклікаюць такі эмацыянальны водгук, што іх цяжка ігнараваць.

Калі прамовы маюць занадта складаны стыль, гэта блытае людзей. Успомніце вядомыя цытаты гістарычных асоб, і вы зразумееце, што большасць з іх — вельмі простыя па сваёй сутнасці, ды і ствараліся яны ў асноўным без вялікай падрыхтоўкі.

Вось некалькі прыкладаў:

Блізкасць да лідара

Калі цябе з лідарам нешта аб’ядноўвае, ты адчуваеш, што цябе бачаць і чуюць.

Фота: AP

Напрыклад, падчас пандэміі кавіду навазеландская прэм’ер-міністр Джасінта Ардэрн выходзіла ў прамы эфір са свайго дома, але эфір быў перапынены, калі прачнулася яе маленькая дачка. Гэта сітуацыя, якую зразумеюць кожныя бацькі, і Ардэрн яе не саромелася. Хутчэй, яна адкрыта пра ўсё распавяла і прыцягнула да сябе яшчэ больш сімпатый. Такі ж блізкі і адкрыты Зяленскі. 

Без даляраў і паездак за мяжу. Як «СССР дасягаў каласальных поспехаў» і што цяпер адбываецца ў Расіі

«Галоўная плата — кроў, і плаціць той, хто найменш вінаваты». 20 цытат беларускіх пісьменнікаў пра вайну

Nashaniva.com