На дырэктара і ўладальніка «Медыя-Палесся» завялі крымінальную справу

Іх абвінавачваюць ва злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, нібыта абвінавачаныя на працягу двух гадоў не рабілі падатковыя выплаты і абавязковыя адлічэнні ў ФСАН і Белдзяржстрах. 

14.03.2022 / 11:12

Паводле пракуратуры Брэсцкай вобласці, службовыя асобы «МП Компані» «неаднаразова парушалі правы сваіх супрацоўнікаў».

У прыватнасці, пракуратура ўстанавіла, што на працягу больш чым двух гадоў дырэктар і заснавальнік арганізацыі не праводзілі падатковыя выплаты і абавязковыя адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і Белдзяржстраха ў дачыненні да асобных работнікаў.

Паводле пракуратуры, выплата «шэрага заробку» «не толькі пазбавіла работнікаў магчымасці ўключэння гэтага перыяду ў працоўны стаж пры налічэнні пенсіі, але і прычыніла шкоду дзяржаве на суму звыш 10 тысяч рублёў».

Заведзеная крымінальная справа па факце злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі па арт. 424 Крымінальнага кодэкса (караецца тэрмінам зняволення да шасці гадоў).

Nashaniva.com