У абноўлены спіс санкцый ЗША трапіла жонка Аляксандра Лукашэнкі, з якой ён не жыве амаль 30 гадоў

Галіна Радыёнаўна Лукашэнка — адзіная афіцыйная жонка Аляксандра Лукашэнкі, якую ён не стаў забіраць з сабой у Мінск са Шклоўскага раёна ў 1994 годзе, калі стаў прэзідэнтам, але афіцыйна і не разводзіўся. Яна маці ягоных старэйшых сыноў Віктара і Дзмітрыя.

15.03.2022 / 18:56

Перад выбарамі ЦВК апублікаваў дэкларацыю Галіны Радыёнаўны. Даход жонкі Лукашэнкі за 2019 год склаў 5560 беларускіх рублёў, гэта пенсія і прыбытак ад акцый.

Жанчыне належыць жылы дом плошчай 196 кв. м у Шклове, палова дома плошчай 54 кв. м у Шклоўскім раёне і зямельны ўчастак.

Таксама Галіна Лукашэнка валодае 56 акцыямі Шклоўскага масларобнага завода.

Больш беларусаў, акрамя Галіны Лукашэнкі, у новым санкцыйным спісе няма, але ёсць 8 высокапастаўленых расійскіх сілавікоў. 

Па Лукашэнку ж, які быў у спісах і раней, з'явіліся ўдакладненні. Пералічаныя ажно 38 розных варыянтаў напісання ягоных прозвішча, імя і імя па бацьку.

Nashaniva.com