Наста Кудасава. Дык дай жа ім снегу. Верш
Беларуская паэтка адгукнулася на катастрофу Марыупаля, дзе людзі тры тыдні жывуць пад бамбёжкамі і абстрэламі без святла і вады.
16.03.2022 / 21:12
Жыхары Марыупаля хаваюцца ад бамбёжкі на першым паверсе жылога дома. Фота: AP.
* * *
у дні калі словы нічога не вартыя
а рыфмы шырмы
прашу Цябе толькі аб адным
яві міласэрнасць Тваю
дай затрымацца зіме
дазволь ісці снегу
снегу
толькі снегу
для іх прашу
там
у Марыупалі
не хапае талай вады
дык дай жа ім снегу міласці Тваёй
яны адагрэюць яго ў жывых чалавечых далонях
і ім будзе што піць
каб змагчы жыць далей
ля свежых брацкіх магіл