Літва рыхтуецца прыняць тысячы грамадзян Беларусі і Расіі, што ўцякаюць ад сваіх рэжымаў

Пакуль ва Украіне працягваецца вайна, Літва рыхтуецца да прыняцця тысяч грамадзян Беларусі і Расіі, якія не ўхваляюць дзеянні сваіх уладаў і пакідаюць радзіму. Больш за ўсё сярод іх спецыялістаў, якія працуюць у сферы ІТ, сказала міністр эканомікі і інавацый Аўшрыне Арманайце, піша delfi.lt.

18.03.2022 / 22:04

Аўшрыне Арманайце. Фота: delfi.lt

«Асноўная навіна — у Літве расце грамада прафесіяналаў, якія прыязджаюць з Расіі і Беларусі. Гэтыя людзі не ўхваляюць свае рэжымы, і мы хочам сказаць, што яны могуць адчуваць сябе тут у бяспецы», — сказала Арманайце.

Міністарка падкрэсліла таксама, што жыхары Літвы не павінны турбавацца ў сувязі з гэтай міграцыяй.

«Людзі, якія прыязджаюць сюды, правераныя адказнымі ведамствамі», — сказала яна.

Некаторым з іх, па словах Арманайце, не ўдаецца адкрыць рахункі ў літоўскіх банках.

«Сітуацыя адчувальная, таму я не хачу пералічваць назвы канкрэтных кампаній, але мы можам казаць пра тысячы прафесіяналаў, якія едуць у Літву і знаходзяцца на шляху сюды», — сказала яна.

Nashaniva.com