Як загінуў добраахвотнік Зміцер Апанасовіч? Расказваюць яго паплечнікі
Беларускі добраахвотнік з батальёна Каліноўскага Зміцер Апанасовіч загінуў у баі пад Ірпенем. Вось што было ў той дзень.
27.03.2022 / 20:33
Фота: тэлеграм-канал батальёна Каліноўскага
24 сакавіка Зміцер трапіў пад артылерыйскі абстрэл.
«Тэрор» на сваім баявым пасту скочыў у акоп, каб схавацца, але снарад трапіў у дом і аскепкі зрыкашэцілі, паляцелі ў «Тэрора». Яму на месцы адразу аказалі медыцынскую дапамогу. Яго стан быў цяжкім, але стабільным. Пасля была эвакуацыя, і па словах тых, хто эвакуяваў, яго перадалі медыкам у стабільным стане. Але, на жаль, раненне было вельмі цяжкім, «Тэрора» не ўдалося выратаваць», — расказаў паплечнік Змітра падчас брыфінгу.
Паведамлялася, што ў тым баі беларускі батальён знішчыў тры адзінкі тэхнікі праціўніка.
Апанасовічу было 32 гады. Гэта ўжо трэці беларус, які загінуў, абараняючы Украіну.
Батальён Каліноўскага ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у раёне Васількова, у аперацыі па вызваленні Бучы, у тэрабароне Кіева.
Усяго на гэты момант у складзе розных фарміраванняў на ўкраінскім баку ваююць некалькі соцень грамадзян Беларусі.