Алега Груздзіловіча перавялі ў Магілёўскую турму 

Журналісту Алегу Груздзіловічу вынеслі прыгавор у судзе Савецкага раёна Мінска 3 сакавіка.

28.03.2022 / 11:44

Як паведаміла «Свабодзе» Мар'яна Груздзіловіч, пра перавод Алега ў Магілёўскую турму ёй стала вядома 25 сакавіка, калі пыталася ў СІЗА-1 на Валадарскага пра тое, як арганізаваць сустрэчу мужа з натарыусам.

Ёй сказалі, што 23 сакавіка Алега этапавалі ў турму №4 Магілёва. Пазней прыйшоў ліст ад Груздзіловіча ад 23 сакавіка, у якім ён напісаў, што яму загадалі сабраць усе рэчы і зрабіць іх вопіс.

28 сакавіка дзяжурная ў магілёўскай турме пацвердзіла жонцы, што муж ужо там.

Пры гэтым дата разгляду касацыйнай скаргі ў Мінскім гарадскім судзе не прызначаная.

3 сакавіка Алега Груздзіловіча асудзілі на 1,5 года калоніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў масавых беспарадках падчас пратэстаў 2020 года. Таксама Груздзіловічу выставілі іск на 56 тысяч рублёў.