У Расіі ўнеслі законапраект аб прызнанні суайчыннікамі ўсіх, хто валодае рускай мовай. Беларусаў туды аднясуць таксама

Першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін («Адзіная Расія») унёс у палату законапраект, які прапануе прызнаваць суайчыннікамі ўсіх, хто валодае рускай мовай, паведамляе ТАСС. 

28.03.2022 / 14:01

Як адзначаецца ў тлумачальных дакументах, «законапраект ліквідуе недахопы неапраўдана шырокага тлумачэння ключавога паняцця «суайчыннік». У прыватнасці, прапануецца прызнаваць суайчыннікамі асоб, якія «валодаюць рускай мовай <…> і адносяцца да народаў, якія гістарычна пражываюць на тэрыторыі Расіі», а таксама тых асоб, «чые прамыя продкі нарадзіліся ці пражывалі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі».

«Пры гэтым улічваецца, што за мінулыя пасля распаду СССР 30 гадоў вырасла новае пакаленне суайчыннікаў, якія не мелі грамадзянства СССР. У сувязі з гэтым з вызначэння паняцця «суайчыннік» выключана сувязь з грамадзянствам СССР», ‒ адзначаецца ў суправаджальных матэрыялах.

Законапраектам таксама прапануецца ўдакладніць пералік народаў, якія гістарычна пражываюць на тэрыторыі Расіі. 

У прыватнасці, у пералік уключаны прадстаўнікі беларускага і ўкраінскага народаў, прадстаўнікі карэнных малалікіх народаў.

Nashaniva.com