Аб прыпыненні інвестыцый у расійскую эканоміку заявіў дзяржаўны суверэнны фонд ААЭ
Дзяржаўны суверэнны фонд ААЭ Mubadala Investment Company абвясціў аб прыпыненні інвестыцый у расійскую эканоміку, піша Радыё Свабода.
28.03.2022 / 22:33
Фота: arabianbusiness.com.
«Крызіс паміж Расіяй і Украінай мае катастрафічныя наступствы і для чалавечых жыццяў, і для эканомікі ва ўсім свеце. Відавочна, што мы павінны спыніць інвестыцыі», — адзначыў генеральны дырэктар Фонда Халдун аль-Мубарак.
Mudabala валодае актывамі-акцыямі, аблігацыямі, маёмасцю, каштоўнымі металамі і іншымі фінансавымі інструментамі ў памеры каля 243 мільярдаў даляраў. Пры гэтым ўкладанні фонда ў Расію складаюць не больш за 1 працэнт ад сумы за ўсё яго інвестыцыйнага партфеля.
Важнасць гэтай навіны ў тым, што менавіта багатыя на нафту і газ арабскія дзяржавы Блізкага Усходу могуць, уступіўшы ў хаўрус з краінамі Захаду, паспрыяць вызваленню іх ад энергетычнай залежнасці ад Расіі. Таксама ад іхніх паставак залежаць сусветныя цэны на энерганосьбіты.