Заходнія лідары: Пільнасць губляць не варта, наша рашучасць не павінна слабець
Лідары ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Італіі перасцераглі краіны Захаду ад страты пільнасці ў дачыненні да Расіі пасля таго, як Масква абвясціла аб рашэнні зменшыць ваенную актыўнасць паблізу Кіева і Чарнігава.
30.03.2022 / 00:34
Прэм'ер Канады Джасцін Трудо, Джо Байдэн, Олаф Шольц і Борыс Джонсан. Фота: Henry Nicholls — Pool / Getty Images
«Узгоднена, што рашучасць заходніх краін не павінна слабець, пакуль не спыніцца жах, які абрынуўся на Украіну», — прыводзіць заяву заходніх палітыкаў офіс брытанскага прэм'ер-міністра Борыса Джонсана.
У аўторак прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пагутарыў праз тэлефон з лідарамі чатырох еўрапейскіх дзяржаў. Ягоная размова з Борысам Джонсанам, прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, германскім канцлерам Олафам Шольцам і італьянскім прэм'ер-міністрам Марыё Драгі была прысвечаная сітуацыі ва Украіне.
Бакі абмеркавалі ў тым ліку, ход украінска-расійскіх перамоў у Стамбуле і далейшыя меры Захаду па стрымліванні расейскай агрэсіі.
Заява Масквы аб скарачэнні актыўнасці арміі Расіі ў раёнах Кіева і Чарнігава быў зроблена пасля завяршэння ўкраінска-расійскай сустрэчы ў Турцыі 29 сакавіка. Джонсан і Байдэн выказалі адносна гэтага скептыцызм.
«Брытанскі прэм'ер падкрэсліў, што ацэнкі рэжыму Пуціна трэба даваць зыходзячы з рэальных дзеянняў, а не слоў. Пуцін пракручвае нож у адкрытай ране Украіны, спрабуючы прымусіць краіну і яе саюзнікаў капітуляваць», — гаворыцца ў паведамленні офіса Джонсана.
Джо Байдэн таксама заявіў, што не паверыць у тое, пра што кажа Расія, пакуль не ўбачыць выніку яе дзеянняў. І Байдэн, і Джонсан падкрэслілі, што Захад павінен заставацца згуртаваным і рашучым у адносінах з Масквой.