Блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна асудзілі на 8 гадоў калоніі
У судзе Заводскага раёна Мінска пасля чатырох месяцаў судовых разбораў агучылі прысуд 34-гадоваму прадзюсару і блогеру Уладзіславу Савіну.
30.03.2022 / 13:34
Суддзя Анжэла Касцюкевіч асудзіла яго на восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — менавіта такога пакарання прасіў пракурор.
Савіна абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса:
— махлярства ў буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК),
— арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту (арт. 342 КК).
Першы артыкул — за нерэалізаваныя рэаліці-шоу, якія мусілі выйсці на канале АНТ. Справа цягнецца з 2016 года, Уладзіслаў першапачаткова праходзіў пацярпелым, потым сведкам. Справу закрывалі, а ў жніўні 2020-га яе аднавілі.
У 2020 годзе Уладзіслаў вярнуўся ў Беларусь і далучыўся да пратэстаў — ён удзельнічаў у акцыях і актыўна асвятляў гэта на сваёй старонцы ў instagram.
Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў трох Маршах і арганізацыі пратэстаў з дапамогай відэаролікаў на сваёй старонцы ў Інстаграм.
У апошнім слове Уладзіслаў Савін сказаў:
«А давайце вернемся цяпер да 342-1. Вы кажаце аб законнасці, аб правасуддзі. Гэта значыць чалавек, які прызнае віну, вы лічыце, заслугоўвае максімальнага пакарання? Тры гады пазбаўлення волі? Дык да чаго вы схіляеце тады падсуднага, каб ён наогул ніколі не прызнаваў сваю віну?
Вы разумееце, што абвінавачванне загадзя невінаватага — гэта таксама злачынства, грамадзянін пракурор? Вы разумееце, што любая крымінальная справа праз пяць гадоў, праз дзесяць будзе паднятая? І вы як абвінаваўца можаце трапіць на маё месца. Вы хоць гэта разумееце?»