Пасольства Славеніі аднавіла працу ў Кіеве. Але без сцяга
Славенія вярнула сваіх дыпламатаў у Кіеў. Але ім давялося зняць сцяг.
31.03.2022 / 09:37
«Мы з гонарам паднялі славенскі і еўрапейскі сцягі, калі вярнуліся ў Кіеў, — сказаў Бошцян Лесяк, павераны ў справах Славеніі ў Кіеве. — Але раніцай да мяне падышлі прадстаўнікі нацгвардыі і паліцыі і вельмі ветліва спыталі, ці можам мы часова зняць славенскі сцяг, бо ён вельмі падобны да расійскага».
Славенскі і расійскі сцягі падобныя і маюць аднолькавы парадак гарызантальных палос: белы, сіні і чырвоны. На славенскім яшчэ ёсць герб краіны.
Часовы павераны Славеніі ва Украіне распавёў, што калі дыпламаты прыехалі ў Кіеў, было даволі ветрана. Яны паднялі славенскі і еўрапейскі сцягі, «яны прыгожа луналі на ветры». Але потым вецер сціх. І раніцай прыехалі прадстаўнікі Нацыянальнай гвардыі Украіны, прадстаўнікі паліцыі і папрасілі зняць славенскі сцяг, таму што ён занадта падобны на расійскі.
26 сакавіка Славенія вярнула дыпламатаў у Кіеў.